Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец — правяральнікам: «На мае пытаньні ваша начальства не адказвае»


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Павал Севярынец апавёў пра праверку ягонай «хіміі» з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

«Хімік» Павал Севярынец, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці, расказаў пра працу правяральнікаў, якія днямі наведалі ягоную спэцкамэндатуру:

«Да мяне зайшлі й спыталі, якія ёсьць скаргі, пытаньні?» Скардзіцца на ўмовы я не стаў, а пра пытаньні сказаў, што іх шмат да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, але адказаў ён не дае«, — паведаміў Павал Севярынец.

Якія пытаньні меў на ўвазе палітвязень?

«Пытаньне — чаму я тут знаходжуся, бо лічу сябе незаконна асуджаным? Я гэтак і назваўся пры сустрэчы — „незаконна асуджаны“. Чаму адносна мяне няма ўмоўна-датэрміновага вызваленьня? Чаму мне забаронена ліставаньне шмат з кім з палітвязьняў, хаця нідзе няма ў законах такой забароны? Мноства „чаму“. Але ў іх няма адказу на гэтыя пытаньні. Яны паціснулі плячыма й сышлі. Відаць, усё разумеюць. Што яны могуць сказаць? Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў сам ня ведае адказу на гэтыя пытаньні».

Паводле Паўла Севярынца, правяральнікі наведалі яшчэ некалькі пакояў «хімікаў» у камэндатуры. Але палітык не выключае, што ім цікавіліся адмыслова, каб даць справаздачу пра ўмовы, у якіх знаходзяцца палітвязьні.

Ужо некалькі тыдняў Павал Севярынец не атрымлівыае лістоў ад палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Міколы Статкевіча і Алеся Бяляцкага. Даўно не прыходзяць яму лісты і ад сябра БХК Яўгена Васьковіча.

Паводле апошніх зьвестак, вязьня Магілёўскай калёніі Яўгена Васьковіча кінулі на 7 дзён ў карцэр. Выйсьці адтуль ён можа 8 ці 9 кастрычніка.

Болей за тыдзень няма зьвестак ад Эдуарда Лобава. Маці палітвязьня турбуецца, ці ён ня ў карцэры: «Мусіў напісаць, на які час падаў заяву аб спатканьні, але ўсе тэрміны праходзяць, а ліста няма», — кажа Марына Лобава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG