Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш двух дзясяткаў заяў накіравалі гомельскія назіральнікі ў Цэнтравыбаркам, у якіх не пагадзіліся з вынікамі выбараў у Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 і Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34. Аспрэчвалі вынікі выбараў і незалежныя кандыдаты ў дэпутаты ў гэтых акругах — Сяргей Сергіенка ды Ігар Случак.

«Толькі нашыя назіральнікі з 33-й акругі накіравалі 15 пратэстных заяў у Цэнтрвыбаркам, у якіх указалі на шматлікія парушэньні Выбарчага кодэксу падчас датэрміновага й асноўнага галасаваньня. Усе яны зафіксавалі й прыпіскі яўкі выбарцаў на ўчасткі, на асобных — больш, як у два разы. Таму й патрабавалі ад Цэнтрвыбаркаму зрабіць паўторны падлік галасоў», — кажа кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка.

Падрбная сытуацыя назіралася і ў 34-й Савецкай выбарчай акрузе.

Адна з аўтарак скаргі ў Цэнтравыбаркам, назіральніца з участку № 20 згаданай выбарчай акругі Людміла Судзілоўская апавяла:

«Уражаньне жахлівае. Нават у самым страшным сне нельга спраўдзіцца таму, што я пабачыла наяве на сваім участку. Па-першае, абсалютная сакрэтнасць ва ўсім, што тычылася колькасці выбарцаў, бюлетэняў. Па выніках назірання на ўчастку прагаласавалі 507 выбарцаў, а ў пратаколе камісія паставіла 1149. Розніца — 642 чалавекі. Ня толькі прыпісалі, але і ў скрыню датэрміновага галасаваньня кінулі столькі бюлетэняў, колькі хацелі».

Агулам па выніках суцэльнага бесьперапыннага назірання на 27 участках 34-й акругі прагаласавалі 35,1 працэнта выбарцаў, а камісія падала — 69 працэнтаў.

На гэта старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына даслала многім заяўнікам стандартныя адказы: «Праведзены Вамі на ўчастку для галасаваньня візуальны падлік колькасьці выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні ў перыяд датэрміновага галасаваньня і ў дзень выбараў, ня мае прававога значэньня, паколькі такая працэдура выбарчым заканадаўствам не прадугледжана».

Кіраўніца Цэнтравыбаркаму спаслалася таксама на артыкул 55 Выбарчага кодэксу, паводле якога колькасьць выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні, вызначаецца па сьпісе выбарцаў, а колькасьць прагаласаваўшых — па бюлетэнях у выбарчых скрынях. Адсюль і выснова: «Падставаў для пастаноўкі пытаньня пра паўторны падлік галасоў… няма». І такія адказы-клішэ — на кожную заяву. Розьніца толькі ў назвах участкаў і акругаў.

А 5 кастрычніка Цэнтрвыбаркам на сваім паседжаньні цалкам разгледзеў заявы грамадзянаў наконт абскарджваньняў вынікаў выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 і Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 і вырашыў абсалютна ўсе заявы не задавальняць.
XS
SM
MD
LG