Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 кастрычніка Зьміцер Дашкевіч спыніў галадоўку, якая цягнулася 15 дзён

Са Зьмітром Дашкевічам у Мазырскай калёніі сустрэлася адвакат. Стала вядома, што з 5 кастрычніка палітвязень спыніў галадоўку.

Як паведаміла Наста Палажанка, якая разам з адвакатам езьдзіла ў Мазырскую калёнію, Дашкевіч спыніў галадоўку пратэсту, якая цягнулася 15 дзён:

«Ад сёньня спыніў галадоўку, бо да яго абсалютна зьмянілі стаўленьне. Размаўляюць зь ім паважліва і вядуць сябе прыстойна. Дашкевіч пераведзены з карцэра ў памяшканьне камэрнага тыпу на месяц. Ён лічыць гэта безумоўнай перамогай і перадае падзяку асабліва журналістам і праваабаронцам, а таксама ўсім неабыякавым людзям, сваім паплечнікам. Яшчэ вельмі ўдзячны Папу Рымскаму за словы падтрымкі, якія Зьмітру перадаў падчас сустрэчы апостальскі нунцый», — кажа нявеста палітвязьня Наста Палажанка.

Зьміцер Дашкевіч выглядае вельмі схуднелым, але настрой у яго бадзёры, кажа Наста Палажанка. Паводле яе зьвестак, вязьня на месяц перавялі ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу:

«Магчыма, пасьля гэтага на яго зноў будзе заведзеная справа паводле артыкула 411 — аб непадпарадкаваньні. Бо звычайна на такі малы тэрмін у ПКТ не пераводзяць».

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч у 2011 годзе быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня паводле артыкула аб хуліганстве. Нібыта за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году разам з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым ён зьбіў на вуліцы выпадковых мінакоў. Дашкевіч у судзе віны не прызнаў і назваў інцыдэнт правакацыяй спэцслужбаў. Пасьля году адбыцьця пакараньня ў калёніі ў Горках Зьмітра Дашкевіча як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калёнію, дзе празь некалькі месяцаў судзілі зноў і прысудзілі яму яшчэ год зьняволеньня. 19 верасьня Зьміцер Дашкевіч быў этапаваны ў Мазырскую калёнію, дзе праз 3 дні трапіў у карцэр і абвясьціў галадоўку пратэсту.
XS
SM
MD
LG