Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: пацяпленьняў чакаць ня варта


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Прымаючы даверчыя лісты ад шэрагу эўрапейскіх амбасадараў, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае, каб Эўразьвяз адмовіўся ад «бессэнсоўнага ціску» на Беларусь.

Таксама ён выказаў гатоўнасьць, калі да гэтага гатовы Эўразьвяз, да супрацоўніцтва. Маўляў, «пара нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачваньняў з боку ЭЗ на адрас Беларусі. Час ужо шукаць пункты судакрананьня, я думаю — гэта галоўнае». Таксама Лукашэнка сказаў, што не прымае ціску і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Пра што сьведчаць гэтыя заявы?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што гэтыя заявы рытуальныя. Заходнім амбасадарам ён казаў пра гатоўнасьць да дыялёгу, а амбасадару Казахстану засьведчыў гатоўнасьць да эўразійскай інтэграцыі.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Рухацца ў двух процілеглых кірунках немагчыма. Гэта такі геапалітычны шпагат, які нават Беларусь ня вытрымае. Гэта дзяжурныя заявы, хоць можна пачуць нейкія ноткі нейкай дадатковай зацікаўленасьці ў разблякаваньні заходняга вэктару. Таму што была сустрэча з амбасадарамі ўзімку, якраз перад пачаткам дыпляматычнай вайны, і тады заходнія амбасадары трапілі пад раздачу — толькі пер’е ляцела, і ўрачыстая цырымонія ператварылася ў нагонку. Паколькі рыторыка зараз значна мякчэйшая, то гэта ўскосна можна ўважаць за сымптом таго, што ўсё ж заходні вэктар беларускае кіраўніцтва хацела б разблякаваць. І зноў разгойдаць геапалітычныя арэлі, бо Масква падціскае ўсё мацней».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ня бачыць нечага новага ў заявах кіраўніка Беларусі:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Можна выказаць асьцярожны аптымізм, што згадкі пра жаданьне Беларусі мець канструктыўныя, партнэрскія стасункі з Эўропай усё ж пераважаюць над нэгатыўнымі выказваньнямі. Магчыма, гэта сыгнал, што насамрэч ёсьць на сёньняшні момант палітычнае рашэньне наладжваць гэты дыялёг. Зрэшты, вызваленьне двух палітвязьняў таксама пра гэта сьведчыць. Хочацца спадзявацца, што будуць далейшыя крокі ў гэтым кірунку з боку беларускіх уладаў».

Паводле сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, гэта дэклярацыя нязьменнай пазыцыі кіраўніка Беларусі:

​«Рэжым не зьбіраецца ісьці на саступкі, не зьбіраецца мяняць правілы свайго існаваньня ў Беларусі, зьмяняць сваё стаўленьне да беларускага народу і да дэмакратычных сіл. Што да ціску, то з эўрапейскага боку ніякага ціску не было і ў бліжэйшай будучыні не прадбачыцца. Тое, што ніякага ціску не было, і тое, што Лукашэнка ведае, што ЭЗ сёньня ня здольны гэты ціск аказаць, дае яму падставы так вальяжна раздаваць такія заявы на адрас ЭЗ. Ці азначае гэта рух у бок наладжваньня стасункаў з ЭЗ? У гэтым таксама пазыцыя рэжыму застаецца нязьменнай. Яму патрэбныя кантакты з ЭЗ, найперш яму патрэбнае фінансаваньне яго існаваньня, крэдыты, эканамічныя кантакты. Па-ранейшаму ніякіх істотных зьменаў ці пацяпленьняў чакаць ня варта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG