Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Чакаем, што Эўразьвяз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заклікаў Эўразьвяз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску на Беларусь і распачаць крокі для аднаўленьня ўзаемнага даверу.

Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў 5 кастрычніка, прымаючы даверчыя лісты ад амбасадараў Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Літвы, Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, Грузіі і шэрагу іншых краін.

«Чакаем, што Эўразьвяз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску на нашу краіну, распачне крокі для аднаўленьня даверу да сябе як да сур’ёзнага партнэра і добрага суседа», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

Лукашэнка: «Калі сёньня не стаіць, то заўтра можа ўстаць»

Прымаючы даверчыя лісты ў новага амбасадара Грузіі ў Беларусі, Лукашэнка пацьвердзіў зацікаўленасьць у далейшым разьвіцьці ўзаемавыгаднага дыялёгу з Грузіяй па самым шырокім спэктры пытаньняў.

«Сёньня неабходна актывізаваць двухбаковыя кантакты па ўсіх напрамках. І, у першую чаргу, лякаматывам гэтаму павінна паслужыць эканоміка».

Пасьля цырымоніі ён сказаў грузінскаму дыплямату, што ў Беларусі разьлічваюць «на больш цесныя кантакты» з Тбілісі.

Лукашэнка нагадаў пра агучаную ім напяэдадни ініцыятыву наконт вяртаньня Грузіі ў склад СНД. Камэнтуючы меркаваньні грузінскіх палітыкаў, што пытаньне аб вяртаньні Грузіі ў СНД не стаіць, ён заявіў: «Калі сёньня не стаіць, то заўтра можа ўстаць».

«Я буду ўсяляк старацца, каб Грузія выкарыстала і гэты шлях нармалізацыі адносін ня толькі з Расеяй, але і зь іншымі постсавецкімі дзяржавамі, зь якімі трэба нармалізаваць адносіны», — заявіў кіраўнік Беларусі.


Лукашэнка: «Думаю, нам нікуды ня дзецца ад нашага супрацоўніцтва»

Паводле Лукашэнкі, Беларусь не прымае ціску і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы.

«Мэнтарскі тон і нібыта адзіна сапраўдны заходні сьветапогляд колькі заўгодна могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучыні часткай Эўразьвязу. Але гэта — не ў дачыненьні да Беларусі. На шляху эвалюцыйных пераўтварэньняў або, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сыстэмы ў інтарэсах нашага народу мы ня будзем дзейнічаць па чыёй-колечы ўказцы звонку. У той жа час мы адзіныя з эўрапейцамі ў разуменьні канчатковых мэтаў нашых рэформаў: умацаваньні пазыцый Беларусі як сучаснай, адказнай, дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы. У нашым характары заўсёды адказваць узаемнасьцю на добрае і паважлівае стаўленьне».

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь — неад’емная частка сучаснай вялікай Эўропы: «І мы падзяляем агульную адказнасьць за яе будучыню, гатовыя актыўна ўзаемадзейнічаць з эўрапейскімі дзяржавамі ў інтарэсах росквіту і бясьпекі ўсяго кантынэнту».

Зьвяртаючыся да дыпляматаў з краін ЭЗ і, у прыватнасьці, да амбасадара Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі Бруса Бакнэла, Лукашэнка сказаў:

«Мы гатовыя, калі вы да гэтага гатовыя, з вамі супрацоўнічаць. Думаю, пара нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачваньняў з боку ЭЗ на адрас Беларусі. Час ужо шукаць пункты судакрананьня, я думаю — гэта галоўнае».

У сваю чаргу пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнэл сказаў, што ў ягонай краіне таксама разьлічваюць на паляпшэньне адносін зь Беларусьсю. «Але ў нас ёсьць пазыцыя, і яна не адрозьніваецца ад таго, чаго мы хочам ад Расеі, Казахстану, іншых дзяржаў», — цытуе Інтэрфакс брытанскага дыплямата.

У кароткай гутарцы з амбасадарам Літвы Лінасам Лінкявічусам кіраўнік Беларусі выказаў упэўненасьць, што бакі справяцца з усімі праблемамі. «Думаю, нам нікуды ня дзецца ад нашага супрацоўніцтва», — дадаў ён.

Лукашэнка: зьдзіўляе недасканаласьць і тэндэнцыйнасьць

Лукашэнка таксама адзначыў недасканаласьць і тэндэнцыйнасьць ацэнак асобных дзеячаў у Брусэлі ў дачыненьні да Беларусі.

«Мы не прымаем ціску і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка, асабліва зьвярнуўшы на гэта ўвагу кіраўнікоў дыпмісіяў краін Эўразьвязу, паведамляе БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі, сёньня эўрапейская эканоміка сутыкнулася з сур’ёзнымі выклікамі. Чуваць нават думкі пра пагрозы цэласнасьці ЭЗ.

«У гэтых умовах як ніколі важна аб’яднаньне намаганьняў краін усяго кантынэнту для барацьбы зь фінансава-эканамічнымі цяжкасьцямі, а таксама новымі трансгранічнымі праблемамі. І ўсе неабыякавыя і разважныя людзі гэта разумеюць, як і тое, што па суседзтве з ЭЗ дынамічна разьвіваецца канструктыўна настроены эўразійскі інтэграцыйны праект. У гэтай сытуацыі зьдзіўляе тая недасканаласьць і тэндэнцыйнасьць, зь якой асобныя дзеячы ў Брусэлі, дарэчы, усё больш адрываюцца ад рэальных патрэб эўрапейскіх народаў, ацэньваюць падзеі ў нашай краіне».

«Мы пасьлядоўна прытрымліваемся збалянсаванага і міралюбнага курсу і гатовыя да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі без выключэньня краінамі сьвету. Наша асноўнае крэда ва ўзаемаадносінах з замежнымі партнэрамі — раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялёг», — заявіў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG