Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Круглы стол» пасьля выбараў у Гомелі: з чым ісьці да людзей?


Увечары 4 кастрычніка грамадзкія актывісты Гомелю зладзілі «круглы стол», за якім абмеркавалі сацыяльна-эканамічныя перадумовы дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне.

У выступах Уладзімера Кацоры, Сьвятланы Гальдадэ, Юрыя Варонежцава, Эдуарда Касых, палітолягаў і эканамістаў Мікалая Новікава, Валера Бандарэнкі, Сяргея Нікалюка прагучала думка: так званыя парлямэнцкія выбары паказалі, што пануючы рэжым ня здольны да рэфармаваньня. Выбарцы не давяраюць рэжыму. Зь іншага боку, не давяраюць яны й апазыцыі.

У грамадзтве пашыраюцца апатыя й недавер, яно раскалолася на дзьве часткі, і гэтыя дзьве часткі знаходзяцца на процілеглых берагах хуткаплыннай ракі.

Раскручваецца ў краіне інфляцыя, паўзуча дэвальвуецца беларускі рубель. Кіроўныя «вярхі» шукаюць выйсьце то ў «адзінай валюце», то ў «мытнай тройцы», то ў «кантрабандным экспарце растваральнікаў».

Але з чым ісьці да людзей, якія не падтрымліваюць пануючы рэжым? Гэта галоўнае надзённае пытаньне для апазыцыі.

Некаторыя выступоўцы мяркуюць, што апазыцыю «чакае сумная праца як найменей на дзесяцігодзьдзе». Іншыя дэмакратычныя актывісты лічаць, што апазыцыі ня варта займацца ўсьлед за рэжымам двурушніцтвам. Трэба зрабіць гістарычны выбар: з кім ісьці, на каго арыентавацца — на Расею ці ўсё-ткі на эўрапейскія каштоўнасьці? Адказ на гэтае пытаньне дапаможа распрацаваць адпаведныя праграмы, мадэлі рэфармаваньня эканомікі, вызначыць, што сказаць людзям.
XS
SM
MD
LG