Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы замежжа заклікаюць ліставаць начальніку мазырскай калёніі


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Беларускі дом у Варшаве выступіў з ініцыятывай напісаньня лістоў начальніку Мазырскай калёніі Юрыю Збароўскаму. Там адбывае пакараньне Зьміцер Дашкевіч.

Палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў пераведзены ў Мазыр 19 верасьня. Там, паводле ягоных слоў, яго адразу ж пачалі зьневажаць па рэлігійнай прыкмеце, а непасрэднае начальства распачало ціск і нават пагражала гвалтам.

Як адзначыў дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Зьміцер Бародка, да ініцыятывы ўжо далучыліся беларускія цэнтры па ўсёй Эўропе: HUB (Вільня, Літва), Офіс беларускай палітычнай эміграцыі (Антвэрпэн, Бэльгія), Free Belarus Now (Лёндан, Вялікая Брытанія), Беларускі цэнтар ва Ўкраіне (Кіеў), «Асацыяцыя за мадэрнізацыю» (Прага, Чэхія).

Беларускія цэнтры заахвочваюць грамадзкія і палітычныя арганізацыі далучыцца да акцыі напісаньня лістоў начальніку калёніі, у якой утрымліваецца Зьміцер Дашкевіч, і прыводзяць узор ліста:

«247760, Мазыр-11, ПК-20, Збароўскаму Юрыю Багданавічу.

Мы пільна сочым за сытуацыяй вакол палітвязьняў у Беларусі. І апошняя інфармацыя пра лёс Зьмітра Дашкевіча, зьняволенага калёніі, якая знаходзіцца пад вашым кіраўніцтвам, выклікае сур’ёзную занепакоенасьць.

У СМІ зьявілася інфармацыя пра незаконныя дзеяньні адміністрацыі вашай установы ў адносінах да Дашкевіча, якія можна кваліфікаваць як катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае чалавечую годнасьць абыходжаньне.

Звяртаем вашу ўвагу, што гэта парушае як беларускае заканадаўства, так і міжнародныя дэклярацыі. Свабода ад катаваньняў — гэта абсалютнае права, якое ня можа нічым адмяняцца, нават падчас ваеннага становішча.

Усе парушэнні, у тым ліку дапушчаныя вамі, вашымі падначаленымі, а таксама дапушчаныя іншымі асобамі ў падпарадкаванай вам установе, з часам будуць расьсьледаваныя, ім будзе дадзена ацэнка судом у адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязкамі Рэспублікі Беларусь.

Наша арганізацыя зробіць усё, што ад яе залежыць, каб вашы „подзьвігі“ не былі забытыя нават па сканчэньні многіх гадоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG