Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абсурдам па бязглузьдзіцы


Пажарны ровар: экспанат з музэю Яры Цымрмана
Пажарны ровар: экспанат з музэю Яры Цымрмана

«Яра, што рабіць зь Беларусьсю?» — «Процістаяць абсурду з дапамогай абсурду, проста для гэтага трэба, каб у нацыі было спэцыфічнае пачуцьцё гумару.» Такую параду я пачула ад самага славутага чэха сьвету.

У Чэхіі сёньня адзначаюць 45-годзьдзе тэатру Яры Цымрмана. Вы ня ведаеце, хто такі Яра Цымрман? А між тым, гэта самы славуты чэх сьвету!

Калі 45 гадоў таму акторскі дуэт Ладзіслаў Смоляк і Здэнек Сьверак выступілі з прэм’ерай спэктаклю Яры Цымрмана, яны яшчэ ня ведалі, што ствараюць унікальны фэномэн. Заснавальнікі тэатру папросту выдумалі неіснуючага чэскага генія, і гэтую містыфікацыю падхапіў і палюбіў цэлы народ.

Яра Цымрман — самы вядомы чэскі драматург, паэт, музыка, выкладчык, філёзаф, крыміноляг і спартовец свайго часу. Год ягонага нараджэньня дакладна невядомы: недзе паміж 1853 і 1959. Бацькам яго быў чэскі кравец Леапольд Цымрман, а маткай аўстрыйская акторка. Сам Яра лічыў сябе чэхам. Ён раскрыў усе самыя гучныя крыміналістычныя таямніцы, вынайшаў электрычнасьць, тэлефон, кінэматограф, дырыжабль, ёгурт, разьдзелены купальнік, станік для акрабатак, турбінны лякаматыў, камунальную кватэру — гэта самы вынаходлівы ў сьвеце чэх. Гэта ён прыдумаў СD (Cimrmanův disk), які быў наноў вынайдзены ў 1979 і перайменаваны ў «кампакт-дыск», прыдумаў назву «Йеці» для сьнежнага чалавека.

Ладзіслаў Смоляк і Здэнек Сьверак ля бюсту Яры Цымрмана
Ладзіслаў Смоляк і Здэнек Сьверак ля бюсту Яры Цымрмана

Фрэйд казаў пра яго: «Гэта адзіны пацыент, які выклікаў у мяне комплекс непаўнавартасьці». Зрэшты, цытата Фрэйда — таксама са спэктаклю Яры Цымрмана, а ўсяго іх дзясяткі. Пра яго зьнятыя фільмы, самы пасьпяховы зь якіх «Яра Цымрман ляжачы, сьпячы» (Jára Cimrman ležící, spící), дзе распавядаецца пра жыцьцё Майстра і ягоны ўклад у гістарычны працэс.

Яра Цымрман не дачакаўся прызнаньня пры жыцьці, таму ўдзячныя нашчадкі ўшаноўваюць яго сёньня. Імем Яры названыя шматлікія вуліцы ў розных гарадах Чэхіі, набярэжная ў Ліпніку, гара на Алтаі, астэроід, від скарпіёну. Існуе статуя Яры Цымрмана, ягоны бюст са змазанымі рысамі твару, у месцах, дзе ён бываў, знойдзеныя сьляды ягоных ног. У тэатар Яры Цымрмана не дастаць квіткоў, існуе музэй з экспазыцыяй ягоных вынаходніцтваў.

У 2005 годзе чэхі прызналі яго самым вялікім нацыянальным геніем, а ў 2007 Яра быў названы, паводле анкеты самага папулярнага выданьня idnes.cz, другім кандыдатам на прэзыдэнта ў якасьці суперніка Вацлаву Клаўсу. З далейшага галасаваньня, аднак, рэдакцыя яго выкрэсьліла. Міфічны пэрсанаж ператварыўся ў самастойны суб’ект, і ўжо мала хто разьбіраецца, дзе і калі пачаўся вымысел.

Чэхі ня раз рэагавалі «сьцёбам» на абсурднасьць палітычнага жыцьця. Яраслаў Гашак у свой час быў заснавальнікам парадыйнай «Партыі памяркоўнага прагрэсу ў межах законнасьці», якая нарадзілася ў піўнушцы і, дарэчы, атрымала 20 галасоў на парлямэнцкіх выбарах. У гонар героя Гашака пасыўны супраціў абсурду ў чэскай мове атрымаў назоў «швэйкавіна».

Да чаго гэта я? Ва ўмовах палітычнай бязглузьдзіцы і катастрафічнага вакуму пэрсаналіяў, ці не насьпеў у Беларусі час для такога героя? Ці не аб’яднаў бы такі пэрсанаж вакол сябе беларускую апазыцыю, якая магла б згуртавацца пад сьцягам віртуальнага, але нарэшце бясспрэчнага аўтарытэта? Можа, анэкдот сканцэнтраваў бы пасыўны супраціў абсурду і даў магчымасьць грамадзтву, зазірнуўшы ў гэтае люстэрка, зарагатаць самім зь сябе?

Толькі ці хопіць у беларусаў пачуцьця гумару?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG