Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым вяртаньне Грузіі ў СНД і мае намер ініцыяваць гэты працэс. Словы кіраўніка Беларусі камэнтуе дырэктар грузінскай службы нашага радыё Давід Какабадзэ.

Какабадзэ: Я думаю, што гэтае пытаньне сур’ёзна разглядаць ніхто і ня будзе, ва ўсялякім разе ў Грузіі. Таму што, па-першае, мне цяжка сабе ўявіць, як можа Грузія зрабіцца членам СНД, калі ў яе няма дыпляматычных адносінаў з галоўным членам гэтага аб’яднаньня — з Расеяй. А каб аднавіць дыпадносіны, павінна нешта кардынальна зьмяніцца, таму што на сёньня 20 адсоткаў Грузіі акупавана, — так лічыць Грузія і так запісана ў шмат якіх міжнародных дакумэнтах. Калі ты ў такой сытуацыі аднаўляеш дыпляматычныя адносіны з краінай, у якой на тваёй тэрыторыі войскі — атрымоўваецца, што ты прызнаеш сытуацыю. І потым ўжо нікуды ад яе не падзенешся, і будзе значна больш складана гэта ўрэгуляваць. Акрамя гэтага, нават калі кааліцыя, якая перамагла на выбарах, пажадае ўступіць у СНД, я ня думаю, што такое рашэньне карысталася б папулярнасьцю ў насельніцтва, у тых, хто галасаваў за гэтую кааліцыю. Мне падаецца, такое далучэньне нерэальнае.

Навумчык: Калі падсумаваць, двухбаковыя адносіны Тбілісі, напрыклад, зь Менскам, з Кіевам — так, але інтэграцыя пад эгідай Масквы — не?

Какабадзэ: Абсалютна правільна. Тым больш, што лідэр пераможнай кааліцыі «Грузінская мара» Іванішвілі неаднаразова заяўляў, што шлях Грузіі ў Эўропу нязьменны, і нішто яго не прымусіць зьмяніць вэктар, накіраваны на Эўраатлянтычную інтэграцыю.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG