Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навучыцца на пісьменьніка


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Ад 3 кастрычніка пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў у Менску пачала працу Школа маладога літаратара. Яе першымі навучэнцамі сталі дваццаць чатыры хлопцы і дзяўчыны.

Ідэю адкрыцьця ўласнай Школы маладога літаратара Саюз беларускіх пісьменьнікаў выношваў даўно, але толькі цяпер зьявіліся мажлівасьці яе рэалізаваць, — кажа старшыня СБП Барыс Пятровіч. І распавядае пра прынцыпы адбору першых навучэнцаў.

«Мы папярэдне правялі наш літаратурны конкурс, які называўся „Эксьлібрыс“ і быў прысьвечаны сёлетнім юбілярам. Удзел у конкурсе прынялі больш за сто маладых паэтаў і празаікаў. Журы зь дзевяці чалавек вызначыла пераможцаў, і вось гэтым пераможцам нашага конкурсу мы і прапанавалі ўзяць удзел у Школе маладога літаратара. Тыя, хто выказаў згоду, выказаў жаданьне, прысутнічаюць на першым паседжаньні».

Ахвотных аказалася дваццаць чатыры. Яны сталі навучэнцамі двух аддзяленьняў — паэзіі і прозы. Цягам васьмі месяцаў яны будуць наведваць агульныя тэарэтычныя лекцыі і кожны ў сваім аддзяленьні спасьцігаць творчую навуку. Тэорыю будучым пісьменьнікам запрасілі выкладаць прафэсараў Вячаслава Рагойшу, Пятра Васючэнку, Сяргея Кавалёва, Арсеня Ліса, Ірыну Шаўлякову ды іншых знаных адмыслоўцаў літаратуразнаўства. А вось творчыя сэмінары будуць весьці сталыя выкладчыкі Школы. На паэтычным аддзяленьні гэта Андрэй Хадановіч ды Ўладзімер Някляеў. Спадар Някляеў у свой час спасьцігаў таямніцы вершаскладаньня ў адзінай на ўвесь СССР падобнай навучальнай установе — маскоўскім Літаратурным інстытуце. Тую навуку, памножаную на ўласную творчую практыку, ён і зьбіраецца выкласьці маладым наступнікам.

«Я лічу, што паколькі наша мова — адна зь нямногіх у сьвеце моў, якая дазваляе інструмэнтаваць верш прыблізна так, як можна інструмэнтаваць музыку, прыблізна так па гучаньні, то не карыстацца гэтым інструмэнтам я проста не разумею, чаму. Толькі таму, што ў Эўропе ніхто ўжо даўно ў сылябатоніцы не працуе, што там спрэс вэрлібры і вершаказы? Ну што — у іх так. Але ў іх — сваё, у нас — сваё. І я стаяў і стаяць буду на тым, каб у нас сваё заставалася сваім. І на маё разуменьне, от ужо цяперашняе, паэт адбудзецца толькі тады, калі ў ім адбудзецца асоба. Ніякіх іншых навук, якія б змаглі дапамагчы чалавеку стаць паэтам, нямашака».

Творчыя сэмінары ў будучых празаікаў будуць весьці Алесь Пашкевіч ды Валянцін Акудовіч. Спадар Акудовіч, таксама як і Ўладзімер Някляеў, таптаў у свой час калідоры маскоўскага Літынстытуту. Ён перакананы, што навучыць чалавека, як пісаць, немагчыма. Але магчыма навучыць, як ня трэба пісаць. Гэты прынцып сваёй працы з навучэнцамі ён ім і агучыў.

«Мы проста будзем разам з вамі браць у жмені тыя літары і тыя словы, якія вы напісалі, і адсейваць сьмецьце, казаць: гэта — добра, гэта — дрэнна. Усё гэта суб’ектыўна, натуральна, але сума суб’ектыўнасьцяў урэшце, напэўна, дасьць станоўчы вынік. Зноў жа, адсеяць сьмецьце ад зерня — гэта адно, трэба, каб зерне яшчэ трапіла на ўрадлівую глебу. Дык вось калі ваша там унутры вашых экзыстэнцыялаў глеба ўрадлівая, і мы сьмецьце адсеем, то што-небудзь вырасьце. Ну — давайце паспрабуем!»

Праз восем месяцаў гэтых спробаў творы першых навучэнцаў Школы маладога літаратара складуць выпускную кнігу, а яе аўтары атрымаюць пісьменьніцкія сэртыфікаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG