Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У IV квартале Расея зьніжае пастаўкі нафты ў Беларусь на 26 адсоткаў. З улікам той ролі, якую адыгрывае нафтаперапрацоўка ў эканоміцы Беларусі, гэта відавочны ўдар пад дых найбліжэйшаму саюзьніку. Масква зьвярнулася да апошняга доваду каралёў — гармат. Тое, што ў дадзеным выпадку выкарыстаны гарматы нафтавыя, прынцыпова сытуацыю не зьмяняе. Гэта зроблена, каб прывесьці саюзьніка да прытомнасьці.

Ня будзем цяпер абмяркоўваць прычыны, дзеля якіх здарыўся гэты канфлікт. Мусіць, іх шмат, проста колькасьць на нейкім этапе перайшла ў якасьць. Афіцыйныя асобы з абодвух бакоў ніяк падзею не камэнтуюць. Паспрабуем зрабіць некаторыя высновы з гэтага канфлікту.

Па-першае, перамовы ў Сочы Лукашэнкі і Пуціна скончыліся безвынікова. Падобна да таго, што «мядовы месяц» у двухбаковых адносінах скончыўся, беларускі лідэр зноў стаў раздражняць расейскага прэзыдэнта.

Другое. Дасюль усе экспэрты казалі, што для Пуціна праект пабудовы Эўразійскага зьвязу — ідэя-фікс, дзеля яго рэалізацыі ён гатовы на любыя ахвяры, гатовы бязьмежна субсыдыяваць Беларусь, каб толькі ўтрымаць яе ў гэтым інтэграцыйным збудаваньні.

Цяпер высьвятляецца, што гэта не зусім так. Што Эўразійскі зьвяз — не гарантыя, не страхоўка ад канфліктаў.

Па-трэцяе, Расея прыйшла да высновы, што ў Беларусі цяпер няма іншага выйсьця, як працягваць удзельнічаць ва ўсіх інтэграцыйных арганізацыях, якія ачольвае Масква. З Захадам масты спаленыя. Эканамічна Беларусь настолькі прывязаная да Расеі, найперш ільготнымі цэнамі на нафту і газ, што альтэрнатыва нават не разглядаецца.

Па-чацьвёртае, дзеяньні Расеі груба парушаюць правілы функцыянаваньня Мытнага зьвязу, Адзінай эканамічнай прасторы, двухбаковыя беларуска-расійскія пагадненьні па пастаўках нафты. Гэта азначае, што міжнароднае права, якое павінна рэгуляваць адносіны паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, працуе, скажам мякка, зь вялікімі выняткамі.

А колькі было патасных заяў пра магутнае інтэграцыйнае аб’яднаньне, новы цэнтар сілы, прыцягальны для суседніх дзяржаў, канкурэнта і партнэра ЭЗ і інш.! Але як толькі зьяўляюцца моцныя супярэчнасьці, усе высакародныя дэклярацыі адкідаюцца ўбок, расейскі мядзьведзь бароніць свае інтарэсы, зьмятаючы ўсё на сваім шляху. І гэта лішні раз сьведчыць, што на самой справе ўяўляе сабой постсавецкая інтэграцыя. Што аб’яднаньне аўтарытарных дзяржаў канфліктагеннае па самой сваёй прыродзе.

Па-пятае, апошнія падзеі бліскуча пацьвярджаюць, што стаўка беларускага кіраўніцтва на цуд, на халяву, на пошук нейкіх шчылін у мытных пагадненьнях як альтэрнатыву сыстэмным рэформам заўсёды будзе сканчацца адным і тым жа. Такім шляхам можна атрымаць нейкую часовую перадышку, але ня больш за тое.

Па-шостае, надзея на мадэрнізацыю беларускай эканомікі з дапамогай Расеі — надзея, якая, магчыма, існавала ў беларускім кіраўніцтве, — марная. У Масквы свае інтарэсы, свае мэты ў Беларусі: прывязаць яе мацней да РФ, набыць прывабныя беларускія актывы.

Па-сёмае, расейская нафтавая зброя можа стацца зброяй масавага паражэньня для беларускай эканомікі. Удар быў нанесены ў самае слабое месца. Бо ў першым паўгодзьдзі доля нафтапрадуктаў разам з растваральнікамі і разбаўляльнікамі ў беларускім экспарце дасягала 40%. Менавіта за кошт гэтай прадукцыі Беларусь атрымала станоўчае сальда зьнешнегандлёвага балянсу.

А цяпер і экспарт расейскай нафты скарочаны, і растваральнікі і разбаўляльнікі амаль зьніклі, і Ўкраіна прыняла рашэньне пачаць спэцрасьсьледаваньне ў дачыненьні да імпарту беларускіх нафтапрадуктаў. У выніку, паводле папярэдніх ацэнак экспэртаў, страты беларускага бюджэту ад дзеяньняў Расеі і Ўкраіны могуць скласьці каля $2,5–3 млрд. З усімі магчымымі наступствамі: вяртаньнем да адмоўнага сальда замежнагандлёвага балянсу, дэвальвацыяй беларускага рубля.

Высьвятляецца, напрыклад, што ў наступным годзе няма чым вяртаць зьнешні доўг, грошай хопіць толькі на палову патрабаванай сумы, давядзецца рэфінансаваць запазычанасьці. Вось доўг расейскаму «Сбербанку» ўжо рэфінансуецца.

Па-восьмае, абвал з экспартам нафтапрадуктаў стварыў для палітычнага кіраўніцтва Беларусі вельмі напружаную сытуацыю. Апошнія ліхаманкавыя дзеяньні ўладаў сьведчаць пра настроі, блізкія да панікі. Гэта і абвяшчэньне пра рэформу органаў дзяржаўнага кіраваньня з скарачэньнем кадраў на 25–30%, і скарачэньне выдаткаў на сацыяльныя праграмы наступным годам. Вось і палітвязьняў пачалі выпускаць.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG