Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаяўся ці ня лаяўся — а штраф плаці


Сяргей Гоўша

Сяргей Гоўша

Судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Міхаіл Грыгаровіч адмовіў у задавальненьні скаргі назіральніка на парлямэнцкіх выбарах Сяргея Гоўшы з Баранавічаў.

Суд пацьвердзіў ранейшы вырак Баранавіцкага суду аб пакараньні спадара Гоўшы штрафам у 1,5 мільёна рублёў — за тое, што ён нібыта брыдкасловіў на паседжаньні камісіі.

У доказ сваёй невінаватасьці назіральнік прадставіў абласному суду тры заключэньні крыміналістычнай экспэртызы, якая прызнала, што на зробленым Гоўшам дыктафонным запісе згаданага паседжаньня ён не брыдкасловіў. Экспэрты сьцьвярджалі таксама, што запіс ня мае і прыкметаў мантажу.

Аднак судзьдзя Міхаіл Грыгаровіч адмовіўся задаволіць скаргу — на той падставе, што яна была пададзеная несвоечасова, бо спадар Гоўша не адразу сплаціў судовыя выдаткі. Паседжаньне судзьдзя вёў па-беларуску.

Камэнтуе Сяргей Гоўша:

«Прычыны прыдумляюць самыя розныя. Тут прыдумалі адну прычыну, а каб своечасова тады аплаціў, то была б іншая прычына. Справа такая з палітычным адценьнем ніколі ў нас ня выйграецца. Будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Праўда, загадзя мы можам прадбачыць, якія будуць вынікі».

На судзе прысутнічаў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін. Ён кажа, што таксама лічыць справу сфабрыкаванай:

«Спадара Гоўшу я ведаю вельмі-вельмі даўно, яшчэ зь мінулага тысячагодзьдзя. І ніколі матам ён ня лаецца, заўсёды гаворыць выключна на беларускай мове. Падчас нейкіх лёсавызначальных падзеяў у нашай краіне заўсёды прадстаўнікоў апазыцыі імкнуцца схаваць за краты. І падстава заўсёды надуманая і заўсёды аднолькавая».

Сяргей Гоўша абавязаны сплаціць паводле рашэньня Баранавіцкага суду 1,5 мільёна рублёў. Ён кажа, што прыблізна такую ж суму давялося заплаціць за судовыя выдаткі і рашэньні крыміналістычнай экспэртызы.

«Але годнасьць чалавечая — вышэй за грошы, і каб абараніць свой гонар і годнасьць, я іду на гэта», — патлумачыў Сяргей Гоўша.
XS
SM
MD
LG