Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» адкрывае прадстаўніцтвы ў 18 гарадах Беларусі


Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» абвясьціла пра адкрыцьцё ў Беларусі 18 офісаў дэпутатаў «Грамадзянскай дамовы».

Іх галоўнай задачай стане пасярэдніцтва паміж уладай і народам, а таксама стымуляцыя эканамічных рэформаў. Пра гэта лідэры кампаніі заявілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Цягам кастрычніка офісы дэпутатаў «Грамадзянскай дамовы» распачнуць працу ў абласных цэнтрах, а таксама ў такіх буйных гарадах, як Бабруйск, Ворша, Полацак, Глыбокае ды іншых. Ідэя адкрыцьця такіх прадстаўніцтваў узьнікла ў выніку ўдзелу прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду» ў мінулых выбарах, паведаміў адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мы чулі ад людзей адну пастаянную прэтэнзію: вы прыходзіце падчас выбараў, а пасьля зьнікаеце і ніколі вас ня будзе. Мы адказвалі, што можаце нам верыць: зараз мы адкрываем у 18 акругах, дзе ішлі нашы кандыдаты, 18 офісаў дэпутатаў «Грамадзянскай дамовы». Самае галоўнае, што яны будуць альтэрнатывай тым дэпутатам, якія сёньня прызначаныя. Бо прызначаныя дэпутаты не працуюць, яны не зьвяртаюцца да грамадзян, яны не бароняць іх правы і не выконваюць свае абавязкі, бо яны прызначаныя. Таму мы пакажам людзям, што ёсьць альтэрнатыўная сіла, і гэта — сіла „Грамадзянскай дамовы“».

Як гэтая праца будзе ажыцьцяўляцца на практыцы, паведамляе прадстаўніца «Грамадзянскай дамовы», удзельніца выбарчай кампаніі Тацьцяна Караткевіч:
Мы будзем прадстаўляць інтарэсы грамадзян на паседжаньнях саветаў розных узроўняў

«Першае, што мы будзем рабіць — я, як дэпутат „Грамадзянскай дамовы“, — будзем прадстаўляць інтарэсы грамадзян на паседжаньнях саветаў розных узроўняў. Мы таксама будзем сачыць за дзейнасьцю дэпутатаў усіх узроўняў, будзем кантраляваць іх працу, патрабаваць справаздачы перад грамадзянамі. Гэта будзе галоўнай лініяй працы нашых офісаў».

Паводле лідэраў кампаніі, праца рэгіянальных офісаў будзе скіраваная таксама на эканамічныя рэформы і на аднаўленьне справядлівасьці ў адносінах паміж дзяржаваю і народам. Менавіта гэтыя два кірункі стануць галоўнымі ў далейшай практычнай дзейнасьці «Грамадзянскай дамовы» ў 2013 годзе. Гэтая праца таксама мае яшчэ адну неабходнасьць, кажа прадстаўнік кампаніі Ігар Драко:

«Чаму нам гэта неабходна? Нам гэта неабходна дзеля таго, каб у рэгіёнах зьяўляліся такія рэгіянальныя лідэры. Нам усім патрэбна — і тут я кажу ня толькі пра кампанію „Гавары праўду“, а пра ўвесь дэмакратычны рух — менавіта лідэрства на месцах. Каб на месцах былі тыя людзі, якім давяраюць жыхары гэтых рэгіёнаў. Бо тыя, каго прызначылі ў Палату прадстаўнікоў — як бачым, Палата прадстаўнікоў праіснавала 12 гадоў — але ўсе гэтыя дэпутаты адарваныя ад людзей».

Як паведамілі лідэры кампаніі «Гавары праўду», адкрыцьцё рэгіянальных офісаў дэпутатаў «Грамадзянскай дамовы» — першая частка стратэгічнага пляну, які будзе ахопліваць дзейнасьць кампаніі падчас мясцовых выбараў 2014 году, а таксама прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. «Гавары праўду» прэзэнтуе гэты плян цягам бліжэйшага месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG