Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПАРЭ падтрымалі кандыдатуру Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру


На паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы падтрымалі кандыдатуру кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру 2013 году.

Як паведамляе карэспандэнт ИТАР-ТАСС са Страсбура, кандыдатура Алеся Бяляцкага знайшла аднагалосную падтрымку сябраў камітэту ПАРЭ. Гэтае рашэньне было агучанае на пленарнай сэсіі ПАРЭ.

Упершыню вылучыць беларускага праваабаронцу прапанавала ў студзені гэтага году група дэмакратаў і лібэралаў у Асамблеі. Тады адпаведную пэтыцыю падпісаў 41 дэпутат. Пасьля гэтую ідэю ўхваліў дакладчык ПАРЭ па Беларусі, эстонскі дэпутат Андрэс Хэркель.

Алеся Бяляцкага таксама намінавалі 190 дэпутатаў польскага Сэйму і Сэнату, 5 дэпутатаў украінскай Вярхоўнай Рады. Асобныя намінацыі Бяляцкага накіравалі ў Нобэлеўскі камітэт дэпутаты парлямэнтаў Чэхіі, Славаччыны, Нарвэгіі, а таксама прэм’ер-міністар Славаччыны Івэта Радзічава, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2003 году з Ірану Шырын Эбадзі.

Усяго на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году разам зь Бяляцкім быў вылучаны 231 намінант — 188 чалавек і 43 арганізацыі з усіх куткоў сьвету. Сярод іх яшчэ адзін палітвязень — экс-прэм’ер ураду Ўкраіны Юлія Цімашэнка, а таксама — былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, былы канцлер ФРГ Гельмут Коль, амэрыканскі салдат Брэдлі Мэнінг, якога абвінавачваюць у выдачы сакрэтных дакумэнтаў для сайту WikiLeaks, прэзыдэнт Тунісу Мунсыф Марзукі, дысыдэнты з Кубы Асвальда Пая і Ёані Санчэс. Сярод вылучаных на прэмію арганізацыяў — Эўразьвяз, расейскі Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», тэлеканал «Аль-Джазіра».

Рашэньне Нобэлеўскага камітэту чакаецца ў кастрычніку.


Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG