Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск па-ранейшаму ня хоча бачыць у сябе офіс АБСЭ


Пазыцыя Беларусі ў пытаньні аднаўленьня працы офісу АБСЭ ў Менску застаецца ранейшай, афіцыйнага абмеркаваньня гэтага пытаньня не было, заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

«Ніякіх афіцыйных перамоў па гэтым пытаньні не было. Офіс АБСЭ спыніў сваю працу ў Менску паўтара года таму ў сувязі з выкананьнем свайго мандату», — цытуе Інтэрфакс Савіных.

«З практычнага пункту гледжаньня мы разглядалі рашэньне аб закрыцьці офіса АБСЭ ў Менску як сродак аптымізацыі выдаткаў рэгулярнага бюджэту АБСЭ. Больш сродкаў стала выдзяляцца на праграмную дзейнасьць арганізацыі (...) Бягучыя праекты мы можам каардынаваць па наўпроставай сувязі са штаб-кватэрай арганізацыі ў Вене, выкарыстоўваючы дыпляматычныя каналы», — адзначыў прадстаўнік МЗС.

Офіс Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе спыніў сваю дзейнасьць у Менску 31 сакавіка 2011 году.

Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году. Рашэньне закрыць офіс было прынятае беларускімі ўладамі ў канцы 2010-га.
Лагвінец: «Пытаньне дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю для рэжыму неактуальнае».

Заявы спадара Савіных наконт офісу АБСЭ ў Менску камэнтуе палітоляг Алесь Лагвінец.

Лагвінец: «Гэта кажа пра тое, што афіцыйны Менск хоча толькі дазавана гуляць з Захадам.

Увогуле, Беларусь вельмі праблемная тэма для АБСЭ. Пра гэта сьведчыць і апошняя справаздача місіі назіральнікаў адносна парлямэнцкіх выбараў. Больш за тое, мандат місіі АБСЭ ў Менску палягаў у тым, каб спрыяць дыялёгу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю . Але сёньня для беларускага рэжыму гэтае пытаньне неактуальнае, таму ён ня хоча нават размаўляць з АБСЭ пра аднаўленьне офісу ў Менску.

Варта зьвярнуць увагу на той факт, што ў бальшыні краінаў СНД такія офісы дзейнічаюць. І словы Савіных наконт „прамых сувязяў“ зь Венай — гэта недарэчны і пусты аргумэнт. Бо калі б Менск хацеў дзейнічаць паводле агульнадэмакратычных стандартаў АБСЭ, наяўнасьць офісу тут была б вельмі пазытыўным крокам».
XS
SM
MD
LG