Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 кастрычніка камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы абмяркуе сытуацыю ў Беларусі.

Раней прадстаўнікі ПАРЭ заявілі, што выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся ў Беларусі 23 верасьня, не адпавядаюць міжнародным дэмакратычным стандартам.

Адмысловы дакладчык па Беларусі Андрэс Хэркель ў сваёй заяве пашкадаваў, што многія абавязкі ў рамках АБСЭ Беларусь не выканала.

Ён падкрэсьліў, што выбары ў Беларусі не былі бесстароньнімі з прычыны адсутнасьці дакладнай працэдуры падліку галасоў і магчымасьці для назіральнікаў праверыць вынікі гэтага падліку.

Хэркель таксама адзначыў, што двум назіральнікам ад Парлямэнцкая асамблеі АБСЭ, якія планавалі ехаць у Беларусь на выбары, — Марылюізе Бек (Нямеччына) і Эмануэлісу Зінгерысу (Літва) — было адмоўлена ў беларускіх візах.

«Я падзяляю першую рэакцыю спадарыні Бек пра тое, што "дыктатар Лукашэнка нават не спрабуе выканаць бачнасьць свабодных і сумленных выбараў, калі ён не пускае журналістаў і назіральнікаў". Усё гэта будзе абмяркоўвацца падчас восеньскай сэсіі ПАРЭ», — цытуе Хэркеля БелаПАН.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы.

У 1993 годзе Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАСЕ), але была пазбаўленая яго пасьля рэфэрэндуму 1996 года, вынікі якога міжнародная супольнасьць не прызнала.

У чэрвені 2009 года ПАРЭ прыняла рэзалюцыю пра вяртаньне Беларусі статусу адмыслова запроршанай пры ўмове адмены сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньня мараторыю на яе.

Аднак у 2010 годзе ў Беларусі адбыліся новыя пакараньні, пасьля чаго ПАРЭ афіцыйна параіла сваім сябрам не наведваць краіну.

Пасьля расстрэлу Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачаных у тэракце ў менскім мэтро, сакратар Рады Эўропы Турб’ерн Ягланд заявіў: «Наяўнасьць у Беларусі сьмяротнага пакараньня не дазваляе ёй мець які-небудзь статус у рамках Рады Эўропы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG