Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніца Плошчы-2010 аб'яўлена ў фэдэральны вышук


Анастасія Рыбачэнка

Анастасія Рыбачэнка

У расейскай «балотнай справе» аб «масавых беспарадках» у Маскве 6 траўня сёлета зьявілася новая фігурантка – Анастасія Рыбачэнка.

Актывістка руху «Салідарнасьць» 21-гадовая Рыбачэнка аб'яўлена ў фэдэральны вышук у справе аб «масавых беспарадках» на Балотнай плошчы. Некалькі месяцаў таму Рыбачэнка пакінула Расею і паступіла ва ўнівэрсытэт у Эстоніі, дзе плянуе вучыцца ўвесь наступны год, паведамляе Газета.ру.

Анастасія зьехала з Расеі пасьля першых арыштаў і ператрусаў у лідэраў апазыцыі ў чэрвені 2012 году і паведаміла ў сваім Twitter, што будзе прасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне, аднак потым адмовілася ад гэтай ідэі і зьехала ў Тбілісі, дзе жыла да апошняга часу.

Улетку ў маскоўскай кватэры Рыбачэнкі прайшоў ператрус, а ў сярэдзіне верасьня стала вядома пра яе адлічэньне зь Дзяржаўнага акадэмічнага ўнівэрсытэту гуманітарных навук. Сама яна тлумачыла гэта палітычнымі прычынамі і ціскам на кіраўніцтва ВНУ з боку сьледчых.

Напярэдадні паведамленьня аб аб'яўленьні ў вышук, Рыбачэнка напісала ў Twitter, што паступіла ў Талінскі тэхналягічны ўнівэрсытэт. «Павіншуйце мяне: я паступіла ў Tallinn University of Technology, дзякуй Гары Каспараву і Барысу Нямцову за рэкамэндацыі і іншую дапамогу, – паведаміла актывістка. – Я буду вучыцца толькі адзін год, каб скончыць пачатае ў Маскве навучаньне, так што маё абяцаньне, што вярнуся, па-ранейшаму ў сіле».

Анастасія Рыбачэнка набыла вядомасьць, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сьнежня 2010 году яна была арыштаваная ў Менску за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і правяла 10 сутак пад адміністрацыйным арыштам. Пасля гэтага Рыбачэнка актыўна займалася вулічнай палітыкай ад імя «Салідарнасьці» і брала ўдзел у акцыях пратэсту за мяжой падчас буйных міжнародных мерапрыемстваў з удзелам расейскіх афіцыйных дэлегацый.

Усяго фігурантамі «балотнай справы» зьяўляюцца 17 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG