Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алігарх узяўся за вёслы


Аляксандар Машэнскі, здымак ej.by

Аляксандар Машэнскі, здымак ej.by

Берасьцейскі бізнэсовец, генэральны дырэктар сумеснага прадпрыемства «Санта-імпэкс Брэст» Аляксандар Машэнскі абраны старшынём Беларускай фэдэрацыі веславаньня.

На гэтай пасадзе ён замяніў Аляксандра Грыгарава — былога міністра спорту і турызму, кіраўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях 2008 году ў Пэкіне. Спартовы функцыянэр падаў у адстаўку пасьля нездавальняючых выступаў беларускіх весьляроў на сёлетняй Алімпіядзе ў Лёндане, дзе ўзначаленая ім каманда безнадзейна заваліла плян па мэдалях.

Кандыдатуру Аляксандра Машэнскага, які да нядаўняга часу разглядаўся як адзін з прэтэндэнтаў на трапляньне ў чорны сьпіс Эўразьвязу за фінансаваньне існага рэжыму, на пасаду кіраўніка фэдэрацыі прапанаваў памочнік прэзыдэнта, былы старшыня Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч. Сам Пракаповіч узначальвае іншае профільнае спартовае аб’яднаньне — Беларускі вясьлярны саюз. Паведамляецца, што бізнэсовец атрымаў адзінагалосную падтрымку дэлегатаў канфэрэнцыі.

Дагэтуль шляхі Машэнскага з спортам не перакрыжоўваліся, і цяпер ён уваходзіць у курс новай для сябе справы.

Раней на чале фэдэрацый часьцей станавіліся чыноўнікі, якія, на думку спартовага ведамства, дзеля дасягненьня пастаўленых задачаў маглі больш эфэктыўна прыцягваць адміністрацыйны рэсурс. Аднак цяпер стаўка робіцца на прадстаўнікоў бізнэсу.
XS
SM
MD
LG