Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сыходзяць прэзыдэнты?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

На выбарах у панядзелак перамагла Грузія.

Ну так – скажуць адны. – Там перамагла апазыцыя, якая ўвасабляе інтарэсы грузінскага народу. Ды не – запярэчаць іншыя. – Якая перамога? Грузія прайграла, бо перамаглі людзі, якія завядуць краіну невядома куды. Дакладней, вядома.

Такія меркаваньні, безумоўна, маюць права на існаваньне. Але ў мяне – іншае. На мой погляд, перамагла менавіта Грузія – уся, і зацятыя апанэнты Саакашвілі і яго гарачыя прыхільнікі. Я мяркую, што ў пэўным сэнсе прэзыдэнт сваімі паводзінамі, прызнаньнем паразы дасягнуў большага, зрабіў для сваёй краіны больш, чым фармальныя пераможцы электаральнага працэсу.

Ёсьць зачараванае кола постсавецкай палітыкі наагул і грузінскай у прыватнасьці: улада ці не мяняецца наагул, ці праз апэрацыю «пераемнік», ці праз Плошчу, якая насамрэч ёсьць крыптанім перавароту. Мірнага, бяскроўнага, абумоўленага абурэньнем фальсыфікацыямі, але людзьмі на плошчы, на вуліцы, прамым сутыкненьнем палітычных сілаў.

Выключэньні рэдкія, і ў Грузіі яны дагэтуль ня мелі месца: Зьвіада Гамсахурдзія скінуў Эдуард Шэварднадзэ, Эдуарда Шэварднадзэ скінуў Міхаіл Саакашвілі, Міхаіла Саакашвілі скінуў....

Стоп. А ніхто ня скінуў. Саакашвілі, як лідэр кіроўнай партыі ў якой-небудзь ціхай Швэйцарыі, прайграў выбары і рахмана прызнаў паразу.

У дасьледаваньнях транзытных грамадзтваў пануе думка, што самае галоўнае ва ўсталяваньні дэмакратыі ў іх – фігуральна кажучы, другія выбары. Пагроза для гэтых грамадзтваў – калі першыя выбары адбываюцца паводле горка-іранічнай формулы: «Адзін чалавек. Адзін голас. Адзін раз». Беларусам ня трэба далёка глядзець, каб убачыць прыклад гэтага. Першыя выбары адбываюцца больш-менш дэмакратычна, але яны такія аказваюцца і апошнімі. Абраны на іх народны кумір – Ланцэлот у хуткім часе робіцца Драконам і кіруецца формулай, якую выказаў у сваім дзёньніку Гебэльс неўзабаве пасьля прыходу нацы да ўлады: «Нас цяпер толькі мёртвымі вынесуць з нашых кабінэтаў».

Але перад маладымі дэмакратыямі стаіць і іншая пагроза – калі ратацыя ўлады ўсё ж адбываецца, але кожны раз – праз пераварот, праз рэвалюцыю. Гэта магчыма добрая інфармацыйная спажыва для нас, журналістаў, але ня вельмі натхняльная – для саміх народаў. Жыць у цікавыя часы, жыць у стане пэрманэнтнай грамадзянскай вайны – насамрэч трагічная пэрспэктыва.

Перад Саакашвілі былі адкрытыя розныя шляхі: мог паспрабаваць правесьці выбары так, як яго беларускі калега, мог не прызнаць вынікі выбараў, кінуць на маніфэстантаў верную яму паліцыю і АМАП, і ці ўтрымацца ва ўладзе і быць ізноў жа зрынутым, паўтарыўшы апісаны вышэй сумны цыкль.

Ну зараз знойдзецца шмат знаўцаў, якія патлумачаць, што і ня мог, што стаў бы ізгоем на Захадзе, што грузінскае грамадзтва – не беларускае, напрыклад. Але падобныя практыкаваньні ў альтэрнатыўнай гісторыі – справа ня надта ўдзячная. Да таго ж прыгадаем падобныя размовы ў іншых краінах: ды як Лукашэнка мог зьмяніць Канстытуцыю і разагнаць парлямэнт, ды як Карымаў мог расстраляць маніфэстантаў, а Назарбаеў – шахцёраў, як Януковіч мог пасадзіць Цімашэнку? Ды Захад жа гэтага не пацерпіць, ды грамадзтва ж такіх кіраўнікоў узьненавідзіць.

А нічога. Зрабілі і выжылі. І ўладу захавалі. Так што зрабіць інакш Саакашвілі мог. І наўрад ці справа ў яго баязьлівасьці ці халодным разьліку сілаў.

Годнасьці яго ўчынку надае і тое, што ён – не які-небудзь філёзаф на троне, ён тое, што Арыстоцель называў «палітычнай жывёлай», па ўсім бачна, што для яго гэта самая вялікая асалода, што ніцшаўская воля да ўлады – стрыжань яго асобы. Мяркую, дарэчы, што прыязныя адносіны з Лукашэнкам у яго ўзьніклі ня толькі з прычыны разнастайных палітычных чыньнікаў, але і з прычыны падабенства тыпу асобаў, нягледзячы на розны жыцьцёвы шлях і палітычныя перакананьні. Воўк адчуваў воўка.

Гэта да таго, што такому чалавеку прызнаваць паразу, а не трымацца за ўладу любымі сродкамі, стакроць цяжэй, чым лідэру, які ўсьведамляе сябе нанятым мэнэджэрам. А вось прызнаў.

Дарэчы, прыгадваецца даўняе інтэрвію Леха Валэнсы нашаму радыё, дзе нават ён – вялікі дэмакрат, прагаварыў: «А я ж мог стаць дыктатарам». І таксама, між іншым – тып асобы быў той самы. І наведвалі, як бачым, галаву пана Леха такія крамольныя думкі. І нацыянальныя аналёгіі магчыма падкідалі – як прыйшоў да ўлады і як яе ўтрымліваў вялікі Пілсудзкі, добра вядома. Але Валэнса не пайшоў ягоным шляхам.

Тут, праўда, ёсьць адна праблема. Якая сапраўды праблема, а не сафізм. А раптам пераможцы на цяперашніх выбарах у Грузіі зьнішчаць усе заваёвы дэмакратыі і незалежнасьці, здадуць Грузію Расеі з вантробамі, ці проста абрынуць яе ў хаос і бязладзьдзе, якія панавалі ў краіне да прыходу Саакашвілі? І не сказаць, каб такія перасьцярогі былі зусім ужо беспадстаўнымі. Зрабіў бы Гіндэнбург пераварот, адхіліўшы канцлера Гітлера ад улады, павесіў бы Часовы ўрад Леніна з Троцкім на бліжэйшай асіне – гісторыі Нямеччыны і Расеі пайшлі б пэўна значна лепшым шляхам.

Хаця такая ж праблема стаяла і перад Валэнсам, калі ён здаваў уладу былому «камуняку-камсамалісту» Квасьнеўскаму. Цяпер мы ведаем, як яно ўсё абярнулася. Але такое разьвіцьцё падзеяў было зусім невідавочным, калі Валэнса пакідаў Бэльвэдэр.

Зь іншага боку, магчыма Лукашэнка суб'ектыўна, для сябе тлумачыць свае паводзіны ня тым, што банальна хоча кіраваць вечна, а тым, што аддаў бы ўладу з радасьцю. Але каму? Гэтым? «Пятай калёне»? Дык яны ж усё зьнішчаць, усё прададуць, беларусы кроўю ўмыюцца. Каб не было таго, і цягну далей гэты цяжар. Гэта неабавязкова хлусьня для яго суб'ектыўна.

Простага, альгарытмічнага рашэньня тут няма, можна памыліцца, робячы той ці іншы выбар.

Відаць, выбар на карысьць сыходу грунтуецца на веры ў народ, у тое, што ня можа ён так ужо катастрафічна памыляцца і аддаваць свае галасы натуральным злодзеям. На веры ў тое, што твае апанэнты – усё ж прыстойныя людзі, як бы ты іх ня лаяў з трыбуны. У дэмакратыю, магчыма.

Могуць быць, зразумела, і іншыя, прагматычныя меркаваньні. Саакашвілі застаецца прэзыдэнтам, больш за 40% месцаў у парлямэнце ў яго партыі – ня кот наплакаў, сілавыя структуры цалкам ляяльныя кіраўніку дзяржавы, апанэнты-пераможцы могуць наламаць дроваў і тая ж дэмакратычная працэдура можа вярнуць Саакашвілі ўладу. Так што ягоны стан – зусім ня стан Напалеона на высьпе Сьвятой Алены.

Але якія б ні былі матывы – рашэньне Саакашвілі ўжо старонка грузінскай гісторыі. Менавіта так і ўсталёўваецца дэмакратыя, як адзіныя бясспрэчныя правілы гульні, як звыклы рытуал, які нікому проста не прыходзіць у галаву парушаць.

«Я паклаў сябе на алтар дэмакратыі» – сказаў у тым прыгаданым інтэрвію Валэнса. Яе ўсталяваньне патрабуе ахвяраў. І ня толькі герояў на барыкадах, але і харызматычных, моцных лідэраў, якія з болем у сэрцы, але годна сыходзяць, прызнаўшы сваю паразу.

Можа і перабольшаньне, але магчыма, што Саакашвілі, пры ўсёй значнасьці (і неадназначнасьці) яго дзеяньняў на пасадзе прэзыдэнта, увойдзе ў грузінскую гісторыю вялікім прэзыдэнтам менавіта сваім сыходам, разрывам матрыцы, зачараванага кола дыктатур і пераваротаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG