Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛДПБ хоча стаць «канструктыўнай» апазыцыяй


Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч на «круглым стале» ў рэдакцыі часопіса прэзыдэнцкай адміністрацыі «Беларуская думка» заявіў пра неабходнасьць прапарцыйнай альбо зьмяшанай сыстэмы выбараў.

«Я лічу, што ўлада зрабіла вялікую памылку, што не пайшла на прапарцыйную альбо хаця б зьмяшаную сыстэму выбараў. Гэта быў бы агромісты крок наперад, і выбары былі б прызнаныя на міжнародным узроўні. Паверце мне, што ў такім выпадку ЛДПБ адстаяла б сваю легітымнасьць перад любымі структурамі. Глыбока перакананы, што партыі, якія пазыцыянуюць сябе як непрымірымыя да цяперашняй улады, ня трапілі б у парлямэнт».

«Лічу, што беларускае грамадзтва ўжо сасьпела для ўвядзеньня калі не прапарцыйнай, то хаця б зьмяшанай сыстэмы выбараў. І калі гэтага не зрабіць, то ў будучыні цалкам магчымыя ўзрушэньні ў грамадзтве. А наша партыя настроеная абысьціся без памаранчавых рэвалюцый і хоча, каб улада зразумела — трэба рабіць нейкія зьмены для свайго ж дабра».

«Мы прапануем зьмяшаную сыстэму, дзе 50% месцаў у парлямэнце могуць заняць праўладныя дэпутаты. Так, я разумею, што ўлада не жадае бачыць сярод дэпутатаў парлямэнту прадстаўнікоў тых партыяў, якія будуць абліваць краіну брудам. Гэта зразумела. Але дэпутаты ЛДПБ з парлямэнцкай трыбуны скажуць наўпрост тое, пра што праўладны дэпутат будзе маўчаць».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

​Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Я ня думаю, што тут гаворка вядзецца насамрэч пра нейкі сур’ёзны плян, а проста спадар Гайдукевіч хоча чарговы раз сьцьвердзіць у грамадзкай сьвядомасьці тэзу, што ягоная партыя гатовая быць „канструктыўнай“ апазыцыяй. Ня думаю, што сэнс гэтай заявы нейкі большы.

Калі ж казаць пра маё стаўленьне да ідэі часткова абіраць дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў, то мая думка наступная. На жаль, у цяперашняй практыцы арганізацыі выбараў ня мае вялікага значэньня, які прынцып: мажарытарны, прапарцыйны ці зьмяшаны. Бо ўлада валодае рэсурсам, каб забясьпечыць любы вынік, і ня так істотна, ці тыя ж сябры „Белай Русі“ трапяць у дэпутаты па аднамандатных акругах, ці як прадстаўнікі нейкай палітычнай сілы.

Але пры зьмене практыкі, на маю думку, зьмяшаны прынцып фармаваньня парлямэнту сапраўды меў бы вялікае значэньне і быў бы значным крокам наперад. Бо мы ведаем, што хоць дэпутаты фармальна і падсправаздачныя выбарцам, яны не нясуць ніякай адказнасьці за сваю дзейнасьць. У выпадку абраньня паводле партыйных сьпісаў яны будуць несьці адказнасьць перад партыямі, якія іх вылучылі ў дэпутаты. Гэта таксама падвысіць адказнасьць кожнай партыі. Больш за тое, гэта паспрыяла б умацаваньню палітычных партыяў як інструмэнту выяўленьня волі розных груп грамадзтва, што насамрэч паспрыяла б дыялёгу ў грамадзтве і эвалюцыйным зьменам.

Таму мы выступаем за тое, каб парлямэнт фармаваўся паводле зьмяшанага прынцыпу, каб былі і аднамандатныя акругі, і партыйныя сьпісы».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «Спадар Гайдукевіч, і ня толькі ён, адчувае, што пасьля мінулых парлямэнцкіх выбараў нават у высокіх кіроўных кабінэтах пачалі чухаць патыліцу, бо ўсім зразумела: выбары ператварыліся ў такі фарс, што на іх усё цяжэй заганяць народ нават апалітычны. Бо ў іх ня бачаць сэнсу ня толькі апазыцыйныя палітыкі, але і звычайныя абывацелі. Таму наверсе, відавочна, зразумелі, што варта ўсё ж рабіць нейкія дэкаратыўныя зьмены ў выбарчай сыстэме.

І вось тут ЛДПБ якраз і прапануе свае паслугі — гэта, фактычна, адкрытым тэкстам гучаць прэтэнзіі на ролю „канструктыўнай“ апазыцыі.

Тут іншае пытаньне: ці ва ўладзе пагодзяцца, каб менавіта партыя Гайдукевіча ўзяла на сябе такую ролю? Рэч такая, што быў ужо досьвед, калі спадар Гайдукевіч быў дэпутатам Палаты. Ён нават быў прадстаўніком Беларусі ў эўрапейскіх інстытуцыях, але рэакцыя Эўропы была кіслай. Яны далі зразумець, што не ўважаюць гэтую фігуру за сапраўднага апазыцыянэра.

І таму, магчыма, з гледзішча ўладаў ЛДПР і кіраўнікі партыі — ня тыя фігуры, якіх можна „прадаць“ Эўропе, бо ўсе гэтыя крокі калі і робяцца, то напаказ. Таму калі ўвогуле будзе такое жаданьне паэкспэрымэнтаваць, пусьціць пыл у вочы Эўропе, дык пачнуць шукаць на ролю канструктыўнай апазыцыі нейкіх менш „зашмальцаваных“ пэрсанажаў».
XS
SM
MD
LG