Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі пэдагог гандлявала наркотыкамі


У Сьветлагорску раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу супраць маладой жанчыны-пэдагога, якая гандлявала наркотыкамі.

24-гадовая жанчына працавала пэдагогам у Сьветлагорскім эколяга-біялягічным цэнтры дзяцей і моладзі. І збывала мясцовым жыхарам экстрактны опіюм. Паводле зьвестак апэратыўнікаў, рабіла яна гэта не адзін і ня два разы. Таму яе дзеяньні й былі кваліфікаваныя паводле часткі 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў ды іх прэкурсараў».

Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, бо да апошняга часу збыт наркотыкаў быў пашыраны пераважна ў асяродку цыганскай дыяспары.

Мясцовы грамадзкі актывіст, настаўнік па адукацыі Тэльман Масьлюкоў кажа з гэтай нагоды:

«Вядома, гэта сумная навіна, сумная падзея. І дрэнна тое, што гэта адбылося з супрацоўнікам установы адукацыі. У нейкай ступені гэты выпадак можна сьпісваць на тое, што пэдагог маладая і, як кажуць, не правераная была, непасрэдна пасьля вышэйшай навучальнай установы. І тое, што яна працавала не непасрэдна ў школе, а ў пазашкольнай навучальнай установе. Але гэты выпадак, я лічу, стаў магчымым у выніку слабога кантролю за настаўніцкімі кадрамі з боку кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі».

Спадар Масьлюкоў ведае, што цяпер у школах даволі шмат розных праверак, настаўнікаў вымушаюць рабіць шматлікія справаздачы. Але кантроль гэты скіраваны хутчэй на абмежаваньне нармальнай працы настаўнікаў з вучнямі, чымсьці на выяўленьне нейкіх нэгатыўных зьяваў:

«Нібыта сыстэма адукацыі знаходзіцца пад пільным кантролем. Але сам той факт, што займалася наркотыкамі пэдагог, кажа пра тое, што наркотыкі могуць распаўсюдзіцца і ва ўстановах адукацыі і закрануць школьнікаў».

Тыповы малюнак можна бачыць ля школаў ня толькі ў Сьветлагорску, але і ў іншых мясцовасьцях:

«Калі праходзіш каля школ, то вакол іх старшаклясьнікі кураць. У школе яны ня кураць. Але за 10–15 мэтраў ад школьнага будынка, на школьным двары ці на школьным стадыёне, старшаклясьнікі падчас перапынкаў кураць. Гэта сьведчыць пра тое, што выхаваўчая праца й кантроль за паводзінамі старшаклясьнікаў слабы ў навучальных установах. Калі слабы кантроль, то можна дапусьціць, што могуць распаўсюджвацца й наркотыкі».

У Сьветлагорскім раёне зараз жыве звыш 20 тысяч маладых людзей ва ўзросьце да 18 гадоў. Таму прафіляктычнай працай у школах спрабуюць займацца й грамадзкія арганізацыі, у прыватнасьці, мясцовая суполка грамадзкага аб’яднаньня «Маці супраць наркотыкаў».

Актывіст гэтай арганізацыі спадар Яўген апавёў: «Наша арганізацыя непасрэдна займаецца прафіляктыкай наркаспажываньня ў школах. Раней ладзілі лекцыі, а цяпер арганізоўваем больш паўнавартасныя пяцігадзінныя трэнінгі, якія так і называюцца: «Бясьпечныя паводзіны ў сфэры наркаспажываньня».

Наколькі гэта сур’ёзная праблема, сьведчыць сумны досьвед маладога ВІЧ-інфікаванага наркамана Аляксандра, які пачаў спажываць наркотыкі падлеткам:

«З трынаццаці гадоў. У мяне сусед быў наркаман. Я жыў на чацьвёртым паверсе, а ён — на трэцім. Я прагульваў школу і заходзіў да яго паглядзець відэа. Яны там пастаянна на кухні варылі наркотык — опіюм. Так атрымалася, што я прасіў у яго паспытаць. Ён доўгі час не даваў, а пасьля пагадзіўся і пачаставаў мяне. Ну, з гэтага і пайшло».

Зараз у Сьветлагорску афіцыйна зарэгістравана звыш 3 тысяч ВІЧ-інфікаваных жыхароў — больш, чым у любым іншым рэгіёне краіны. І калі раней сьмяротнай інфэкцыяй заражаліся пераважна праз брудныя шпрыцы, то цяпер ВІЧ-інфэкцыя распаўсюджваецца ў асноўным полавым шляхам. І заражаюцца гэтай «чумой» найбольш маладыя людзі.
XS
SM
MD
LG