Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капскі: Гульцы БАТЭ зарабляюць меней, чым хакеісты


Старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі
Старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі
У другім раўндзе групавога этапу самага папулярнага клюбнага турніру Старога сьвету — Лізе чэмпіёнаў — барысаўскі БАТЭ на сталічным стадыёне «Дынама» ў прысутнасьці 30 тысяч заўзятараў зь лікам 3:1 сэнсацыйна перамог аднаго з грандаў эўрапейскага футболу, мюнхенскую «Баварыю». Пасьля гэткай жа нечаканай перамогі ў першым матчы на полі францускага «Ліля» з аналягічным лікам беларусы з 6 ачкамі ўзначальваюць групу F; гішпанская «Валенсія», «Баварыя» і «Ліль» ідуць сьледам. Такога старту наўрад ці чакалі ня толькі спартовыя экспэрты, а нават і самыя адданыя аматары барысаўскай каманды. Што матывуе выхаванцаў галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнкі?

Старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі, які ўзначальвае аднайменнае барысаўскае прадпрыемства аўтатрактарнага электраабсталяваньня, скардзіцца, што працаваць сёньня практычна немагчыма — штохвіліны то віншуюць, то просяць камэнтар:

«Ведаеце што: я б не хацеў перабольшваць гэтую падзею (хоць сама па сабе падзея і гістарычная, бо мы абыгралі „Баварыю“). Калі абстрагавацца, то, як кажуць, ёсьць спрынтэры, а ёсьць стаеры. Дык вось мне хочацца адносіць сябе да другіх… Гэта проста праца. Праца, якую мы робім добра, бо мы вельмі любім свой народ, сваю краіну. І гэта ня патасныя словы на самой справе, таму што ў нас гуляюць у асноўным беларусы, і ня самыя вялікія грошы яны зарабляюць нават у параўнаньні з хакеістамі тымі ж… Ды я нават не магу гэта патлумачыць, проста кожны ў клюбе выконвае сваю працу і робіць яе добра. І ёсьць, апрача ўсялякіх матэрыяльных стымулаў, яшчэ і матывацыя некалькі іншая — тое, пра што я ўжо гаварыў. Вось Саша Глеб, які пагуляў ува ўсіх вядучых чэмпіянатах, пагуляў у топ-клюбах, выйграваў Лігу чэмпіёнаў, але ён прыехаў сюды. Таму што яму тут добра і тут ягоная радзіма. Напэўна, гэта самае важнае».

Галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка адным са складнікаў удалага старту ў сёлетняй Лізе чэмпіёнаў лічыць маральны дух у камандзе, які каштуе нашмат больш, чым кантракты многіх футбалістаў у замежных супэрклюбах:

Віктар Ганчарэнка
Віктар Ганчарэнка
«Я б сказаў, што мы, напэўна, усе нарадзіліся пад нейкай шчасьлівай зоркай. Разам з тым варта адзначыць, што мы проста знаходзімся на правільным шляху. Перадусім, у нас вельмі добрая атмасфэра ў калектыве, якая дазваляе бязь лішніх слоў, „накачкі“ падыходзіць у вельмі баявым стане да падобных матчаў. Гэта каманда, якая прагне перамогаў, якая хоча прагрэсіраваць. Хоць я асабіста далёкі да якойсьці эйфарыі. Вядома, мы атрымалі вялікую перамогу, але казаць пра тое, што мы пачнём абавязкова перамагаць ува ўсіх матчах, я б ня стаў — гэта ўсё ж Ліга чэмпіёнаў. Асобная падзяка заўзятарам. Тое, як нас вітаў стадыён пасьля гульні — напэўна, дзеля гэтага і варта жыць. Таму ўсім заўзятарам вялікі дзякуй!»

Нягледзячы на ўсясьветны статус спорту № 1, футбол у Беларусі ўвагай дзяржавы не аблашчаны. Трансфэрны кошт асобных гульцоў той жа «Баварыі» перавышае бюджэт усіх футбалістаў БАТЭ разам з клюбнай інфраструктурай. У ніжэйшых дывізіёнах завядзёнкай сталі скандалы з байкотам гульняў — такім чынам футбалісты патрабуюць выплаты заробкаў. З прычыны паталягічнай беднасьці каманды нават вышэйшай лігі выступаюць зь мінімумам легіянэраў, а колькасьць удзельнікаў чэмпіянату скарочаная да 11-ці. Новыя арэны «ўзводзяцца» толькі на словах, а менскі стадыён «Дынама» са сваім электронным таблё і «саўковым» дызайнам увогуле выглядае недарэчным рарытэтам. Як з зачараванага кола безвыходнасьці ўдалося выкараскацца БАТЭ? Меркаваньне рэдактара футбольнага сайту match.by Багдана Арлова:

«Я не пагаджуся з тымі, хто кажа, што БАТЭ проста пашанцавала, што ім пастаянна дапамагае футбольная фартуна. Тыя посьпехі, якія барысаўская каманда дэманструе на працягу апошніх гадоў (а БАТЭ ўжо 5 гадоў запар гуляе на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы) — гэта вынік унікальнай для Беларусі мэнэджэрскай працы, вынік паступальнага руху. Таму можна за БАТЭ толькі парадавацца. Я б сказаў, што посьпехі БАТЭ — гэта зусім не парадокс, гэта лягічны вынік шматгадовых высілкаў. Тое, што ў БАТЭ ўжо некалькі гадоў працуюць замежнікі — гішпанцы, спэцыялісты па фізычнай падрыхтоўцы, тое, што ў клюбе вельмі добра наладжана трансфэрная палітыка, — усё гэта дае плён. Да сёлетняй Лігі чэмпіёнаў БАТЭ падрыхтаваўся як ніколі добра менавіта ў трансфэрным пляне: адбыліся трансфэры Міхаіла Сівакова, Аляксандра Глеба, таго ж Васілюка. БАТЭ зараз можа абсалютна спакойна змагацца на два, нават на тры франты — чэмпіянат Беларусі, Кубак Беларусі і Лігу чэмпіёнаў — бязь нейкіх праблемаў на адным з франтоў. У іх дастаткова сілаў. І гэта вынік менавіта пісьменнага кіраваньня клюбам, усёй структурай, якая называецца ФК БАТЭ».

БАТЭ — яскравы прыклад таго, як на прафэсіяналізьме можна зарабляць немалыя грошы нават ня ў самых спрыяльных умовах. Гэтак, у адпаведнасьці зь сёлетнім фарматам Лігі чэмпіёнаў толькі за ўдзел у групавым этапе кожнай камандзе будзе выплачаны бонус у памеры 4 мільёны эўра, яшчэ па 550 тысяч эўра ўдзельнікі атрымаюць за кожны з шасьці праведзеных матчаў. Гэта гарантуе больш за 7 мільёнаў эўра на групавой стадыі. Апроч таго, ацэньваецца кожны станоўчы вынік: за кожны выйгрыш — дадатковыя 800 тысяч, за нічыю — 400 тысяч эўра. Выйшаўшы ў 1/8 фіналу, каманда атрымлівае 3 мільёны эўра. Пры цяперашнім раскладзе падобная пэрспэктыва для БАТЭ ўжо не выглядае чымсьці нерэальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG