Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі зноў папаўзьлі цэны: ад 3 кастрычніка ў сярэднім на 5% падаражэў бэнзін і дызэльнае паліва, а ў Менску падаражэў праезд у грамадзкім транспарце на 200 рублёў — цяпер квіток каштуе 1700 рублёў за адну паездку.

Ад 4 кастрычніка Міністэрства эканомікі павышае цэны на мяса да 30%. З чым зьвязаны рост цэнаў і што яшчэ будзе даражэць?

У Міністэрстве эканомікі патлумачылі, што цэны на мяса павышаныя дзеля таго, каб своечасова закласьці яго ў менскі стабілізацыйны фонд. Гэта дазволіць бесьперабойна забясьпечваць сьвінінай і ялавічынай сталоўкі прадпрыемстваў, лякарняў і навучальных установаў. Ці апошняе гэта падвышэньне сёлета, у міністэрстве не сказалі. А падвышэньне коштаў паліва, паводле прэсавага сакратара канцэрну «Белнафтахім» Марыны Касьцючэнкі, выклікана трыма прычынамі:

«Падвышэньне коштаў зьвязана з ростам коштаў на нафтавую сыравіну. Калі нават параўнаць біржавыя каціроўкі, то рост складзе 19% у параўнаньні з чэрвенем гэтага году, калі апошні раз карэктаваліся цэны на нафтапрадукты. Другое — гэта наша палітыка і нашы абавязаньні па паэтапным збліжэньні коштаў на тавары ў краінах Мытнага зьвязу, найперш з Расеяй, адкуль мы атрымліваем нафтавую сыравіну. Ня можа быць такая сытуацыя, калі ў Беларусі кошты нафтапрадуктаў значна ніжэйшыя, чым у Расеі. Яны проста будуць вывозіцца, бо мяжы з Расеяй няма. Тым больш што ў нас ёсьць абавязкі па пастаўцы нафтапрадуктаў на расейскі рынак, і тут павінен быць пэўны парытэт. Трэцяя прычына — гэта неабходнасьць эфэктыўнай працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, каб яны маглі забясьпечыць далейшую мадэрнізацыю сваёй вытворчасьці».

Цягам году гэта ўжо чацьвёртае падаражэньне паліва. Ці ўтрымаецца цана на яго да канца году? Спадарыня Касьцючэнка патлумачыла:

«Усё залежыць ад далейшых умоваў гаспадараньня. Гэта ня нейкае плянавае мерапрыемства. Нельга сказаць, што з такога і такога часу мы плянуем».

Спадарыня Касьцючэнка таксама адзначыла, што ў канцэрн не паступаюць скаргі ад грамадзянаў на падвышэньне цэнаў.

З чым зьвязваюць падвышэньне цэнаў незалежныя эканамісты? Леанід Злотнікаў тлумачыць чарговую цэнавую хвалю так:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«У людзей павысіліся заробкі, попыт павысіўся. Але валюты больш ня стала, каб прыцягнуць сюды для вытворчасьці розныя матэрыялы, энэрганосьбіты. Таму павышаны попыт не пакрываецца павышанай прапановай. Грошы на руках ёсьць, а тавараў, якія можна набыць, больш ня стала. То бок іх стала меней, чым грошай. І вось законы рынку. Грошы на руках у людзей павялічыліся, а ўвосень мы назіраем спад вытворчасьці прамысловай прадукцыі. То заканамерна, што цэны растуць».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што рост цэнаў у Беларусі будзе працягвацца па ўсіх кірунках.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«У нас увесь час даражэе. У нас інфляцыя ад пачатку году і штомесяц растуць цэны. Пытаньне цэнаў — галоўнае пытаньне для нашага ўраду і для нашага насельніцтва. І яно пакуль не вырашаецца. Гэта зьвязана з многімі фактарамі. Але найперш з тым, што рост рублёвай грашовай масы ў некалькі разоў перавышае рост прадукту, які вырабляецца. Прадукт ад пачатку году вырас менш чым на 3%, а рублёвая маса вырасла за восем месяцаў на 140%. Эканоміка кульгае, таму растуць цэны».

Эканаміст Аляксандар Чубрык не бярэцца прагназаваць рост цэнаў па канкрэтных таварных групах.

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

«Калі будуць друкаваць грошы, то будзе даражэць усё. Калі ня будуць друкаваць грошы, усё будзе залежаць ад таго, ці застануцца цэны, якія цяпер адміністрацыйна рэгулююцца. Відавочна,што камуналка будзе час ад часу даражэць, што ўваходзіць у пляны ўраду, якія запісаныя ва ўсялякіх канцэпцыях і дамоўленасьцях з замежнымі крэдыторамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG