Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава, якая абяцае стаць найбуйнейшай арт-падзеяй за год.

У трох залях сабраны жывапіс Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Яўгена Зака, Хаіма Суціна ды іншых знакамітых беларускіх эмігрантаў, за права называць якіх «сваімі» спаборнічаюць Францыя, ЗША ды іншыя краіны. Экспазыцыю склалі набыткі «БелГазпромБанку», творы з запасьнікаў беларускіх музэяў ды з прыватных калекцыяў. Хвала людзям, якім удалося дамовіцца з калекцыянэрамі, банкірамі ды музэйнымі адміністратарамі, каб сабраць гэта ў адным месцы!

Уласна, выстава

Квіток у Нацыянальны мастацкі музэй зараз каштуе як дзьве пляшкі дрэннага віна ці адна больш-менш прыстойнага: 50 тысяч рублёў.

Калі ісьці з каханай — атрымліваецца як вячэра на дваіх у сьціплай рэстарацыі на вакзале (у іншых аматары мастацтва не вячэраюць): амаль 10 эўра. Прыемна, што квіткі ў беларускі музэй пакрысе набліжаюцца па кошце да квіткоў у бэрлінскі і ўжо перасягнулі квіткі ў віленскі!

Залі сустракаюць нас фантазіямі на тэму «як уяўляюць сабе парыскую кавярню тыя, хто ў Парыжы ці то ня быў, ці то быў, але ня здолеў узгадаць атмасфэру».

Тут сапраўды наліваюць каву — вельмі эстэцкі крок! Хаця з улікам таго, што яны спрабавалі аднавіць атмасфэру знакамітага «Вульля», артыстычнага Манмартру ды «Мулен Руж» часоў Тулюз-Лятрэка, хай бы налівалі лепей абсэнт. Ён, праўда, чуў, забаронены ў Рэспубліцы Беларусь.

Але Шагал таксама толькі ж нядаўна быў забаронены...


Праходзіш у першую залю ды абміраеш: са сьценак палыхаюць ізумрудным ды фіялетавым палотны Шагала. Колер настолькі насычаны, што ні з чым ня зблытаеш.

Хвіліначку!

Дык тут жа Шагала болей, чым у цэнтры Пампіду ў Парыжы!

І нейкія яны... Невялічкія... І не зусім шагалістыя... Болей падобныя да сумесі Шагала з Ван Гогам... Учытваюся ў шыльдачкі. Вось дурань! Гэта ж не Шагал! Гэта Сэм Царфін! Мастак амаль такі ж адораны калярыстычна, як і Шагал, але трохі больш «плоскі» ў параўнаньні зь ім. Да таго ж у шагалаўскай палітры — шмат пазнавальных «каляровых зьвязак», а Царфін — майстра аднаго спалучэньня: смагарадава-фіялетава-блякітнага. Але кранае. Кранае. Углядзіцеся ў «Мон-Сэн-Мішэль» ды «Нотр-Дам» ды адчуйце подых жаданьня жыць ды глядзець на жыцьцё вачыма чалавека, які бачыць прыгажосьць у звычайным...

У суседняй залі экспанавана галоўнае палатно Хаіма Суціна. Расейскі пераклад назвы — «Большие лужайки в Шартре» — не зусім дакладны, бо францускі арыгінал кажа пра «les grands pres» — «вялікія паплавы», а не «лужайкі». Праца выразна экспрэсіянісцкая, але, дзякуй Богу, не бянтэжыць непадрыхтаванага гледача так, як больш знакамітыя працы Суціна на «мясную» тэму.

Далей — асноўная заля, са скарбамі калекцыі. У будзённы дзень я тут налічыў 21 наведніка. Фурор! Аднаўленьне моды на музэі!

Мультымэдыйная прэзэнтацыя пад музыку Цьерсэна (ну вядома, кажам «Парыж» — маем на ўвазе «Амэлі». У суседняй залі гучыць нешта больш густоўнае — Эдыт Піяф). Тут вісіць Шагал. Якога беларускі глядач чакаў колькі год...

Жывапіс, аднак, не алей. Гэта «Закаханыя». 1981 год. Кардон, гуаш... Набытак «БелГазпромБанку» на аўкцыёне «Крысьціз». 650 тысяч даляраў... Відавочна, у параўнаньні з палыханьнем алейных карцін Шагала гэта выглядае як узор на кітайскім фарфоры, пастаўлены побач з каляровымі вар’яцтвамі Ван Гога. Тут няма фіялетавага ды чырвонага, няма дзівосаў ды магіі, ёсьць як быццам бы сон у летнюю ноч, крананьне паперы крыламі матыля. Колеры — блакітны, салатавы. Вытанчана і ня дзёрзка.

Відавочна, што «большым жывапісам» Шагала выглядае «Алека» 1960-га году. Ён вісіць побач, узяты з калекцыі Музэю Шагала. Дзіўны фіялетавы колер, невыносна чырвоны певень — вось дзе экспрэсіянізм ды бурленьне пачуцьцяў! Але гэта... пастэль!

І тым ня менш — Шагал у Менску — файна! Яшчэ раз: дзякуй усім, хто спрычыніўся да падзеі!




Зухаваты патрыятызм

Аднак адзначым дзівосы гэтай выставы.

Самая дробная, на якую можна не зьвяртаць увагі, — фраза «Шагайте так, как Марк Шагал», якая з нейкіх цьмяных прычынаў у інфармацыйных матэрыялах прадстаўлена як ананімны «запіс на плоце ў Віцебску». Не выключаю, што такім чынам куратары вырашылі пажартаваць, бо згаданыя словы належаць Уладзіміру Маякоўскаму — пра гэта можна прачытаць, у прыватнасьці, у манаграфіі А. Шацкіх, прысьвечанай Віцебскай школе.

Другая, зусім не зразумелая для мяне акалічнасьць — навошта было зьбіраць знакамітых «віцеблян» (слоўца Шацкіх) ды называць іх... прадстаўнікамі «Парыскай школы»? Людцы, у нас жа была ўласная, Віцебская школа! І тры выстаўленыя зорныя мастакі належаць акурат да нашай Віцебскай школы.

Гэта сам Марк Шагал — фронтмэн экспазыцыі.

Гэта Восіп Цадкін, які нарадзіўся ў Віцебску і вучыўся ў Ю. М. Пэна. Так, Цадкіна не было ў горадзе, калі там працавала вучэльня Шагала і калі ў Шагала былі напружаныя стасункі з Малевічам. Але ён належыць да віцебскай традыцыі хаця б таму, што скончыў клясы Пэна!

Урэшце, да Віцебскай школы можна аднесьці Надзю Лежэ. Якая нарадзілася ў Віцебскай вобласьці і была паплечніцай Казіміра Малевіча. Выстаўленыя зараз у музэі палотны Лежэ называюцца «супрэматызм» — у той час, як да канчатковага разуменьня гэтай зьявы Малевіч прыйшоў якраз у Віцебску.

Не, я разумею, што куратарам хацелася сабраць «адразу ўсё». І астатнія «зоркі» выстаўленай у Нацыянальным музэі экспазыцыі — Хаім Суцін са Сьмілавіч, Сэм Царфін, Яўген Зак з Магільна — ніякага дачыненьня да Віцебскай школы ня мелі. І трэба было знайсьці нешта агульнае для іх усіх. І гэтым агульным сталася Парыская школа.

Аднак ці патрыятычна гэта? Называць Шагала — «мастаком Парыскай школы», які «родам зь Беларусі»? Ці пагадзіўся б ён з гэтым? Урэшце, акрамя францускага этапу яго жыцьця, быў і амэрыканскі! І выстаўленая ў межах экспазыцыі жывапісная праца, калі я не памыляюся, адносіцца менавіта да гэтага пэрыяду!

Шагал, які нават на пляфоне Opéra Garni маляваў віцебскіх коз... Які ў Віцебск падчас візыту ў СССР ехаць адмовіўся, каб не пакутаваць з таго, што «яны» зрабілі зь «яго горадам»... Які ж ён «француз»?

Пра Крэпака забыліся?

У музэі можна знайсьці шыльдачку пра францускага мастацтвазнаўцу Андрэ Варно, які прыдумаў тэрмін «парыская школа». Але тут няма шыльдачкі, прысьвечанай беларускім мастацтвазнаўцам, якія палажылі здароўе ды нэрвы на тое, каб зацьвердзіць у навуковым абароце паняцьце Віцебскай школы.

Няма шыльдачкі, прысьвечанай Барысу Крэпаку. Чалавеку, які пісаў пра Шагала, намагаючыся пераадолець супраціў партыйнай намэнклятуры ды моцнага ў канцы 80-х антысэміцкага лобі БССР (потым яно пераўтварылася ў групоўку «славянафілаў» ва ўладзе, якія таксама не давалі гэтай тэме ходу). Няма згадкі пра Т. Катовіч, Г. Казоўскага ды шмат, ШМАТ каго яшчэ, не французаў — а беларусаў, якія жылі і жывуць гэтымі Шагалам, Суціным ды Цадкіным. Дык ці гэта добра? Ці патрыятычна? А вы кажаце, Андрэ Варно...

Але гэтая выстава — сьведчаньне пэўнага зруху. Яшчэ 12 гадоў таму на тэму Віцебскай школы ў Беларусі немагчыма было абараніць дысэртацыю, трэба было ехаць у Вільню. Зараз прадстаўнікі гэтай школы экспануюцца пад уздыхі чыноўнікаў на адкрыцьці выставы. Гэта значыць, час цкаваньня, паблажлівых публікацыяў, кшталту тых, што друкаваліся ў часопісе «Политический собеседник» у 1980-х, назаўсёды сышоў. Беларусь ганарыцца тымі, каго страціла назаўсёды.

Адзнака

** Можна схадзіць з каханай (каханым) і пераказаць гэты артыкул пад выглядам уласных думак ды назіраньняў.

Шкала адзнак

*** Варта не пайсьці на матч БАТЭ.

** Можна схадзіць з каханай (каханым) і пераказаць гэты артыкул пад выглядам уласных думак ды назіраньняў.

* Лепей паўдзельнічаць у бойцы з фанатамі «Баварыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG