Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога БАТЭ над нямецкім клюбам «Баварыя» выклікала багата абмеркаваньняў і камэнтароў. Спэцыялісты, прыхільнікі і зусім далёкія ад спорту людзі актыўна дыскутуюць пра фэномэн «БАТЭ». Радыё Свабода сабрала з прастораў сацыяльных сетак некаторыя цікавыя камэнтары наконт учорашняй перамогі.

Віталь Зыблюк, рэдактар Эўрарадыё, адзначае: «Цяпер у БАТЭ два варыянты: або зьліць усе астатнія гульні, або выйграць Лігу чэмпіёнаў зь лікам 3:1. БАТЭ за чарговую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў атрымаў ад УЕФА 1 мільён эўра. Ужо другі мільён за два тыдні. Хутка вернем сальда на дакрызісны ўзровень».

Андрэй Кім, грамадзкі актывіст: «Мяркуючы па тым, як цяпер выбухнула мая тві і ФБ стужка, БАТЭ стане наступным прэзыдэнтам Беларусі».

Фатограф Сяргей Гудзілін у сувязі зь вялікаю ўвагаю да БАТЭ заўважае: «Я б вельмі не хацеў, каб нацыяналізм пачынаўся з аўтатрактарнага электраабсталяваньня».

Палітык Аляксей Шэін напісаў: «Зь дзяцінства „хварэў“ за „Нёман — Гродна“ (бо жыў у Гародні). „Нёман“ на днях прайграў БАТЭ 5:1. Ніколі б не падумаў, што каманда дзяцінства калісьці амаль дасягне ўзроўню „Баварыі“!»

Паэт і грамадзкі актывіст Алесь Круткін: «Для кагосьці ўчорашняя перамога БАТЭ над Баварыяй — выпадковасьць, а вось для мяне — заканамернасьць. Перад матчам зь „Лілем“ я казаў, што БАТЭ пераможа зь лікам 3:0 — перамаглі 3:1. Перад матчам з „Баварыяй“ я казаў, што БАТЭ альбо пераможа зь лікам 3:2, або згуляе ўнічыю 2:2. Перамаглі таксама зь лікам 3:1. Проста гэтыя посьпехі — вынік паступовага шматгадовага разьвіцьця беларускай каманды, і ў гэтых перамогах няма нічога дзіўнага. Упэўнены, што возьмем ачкі і пасьля двух паядынкаў з „Валенсіяй“ (як мінімум 1 — дык гэта 100%, а можа, нават і 3–4 ачкі)».

Аляксей Абрамаў, прыхільнік «Баварыі»: «Трансфэрны кошт асобных футбалістаў у шэрагах „Баварыі“ вышэйшы за кошт усяго футбольнага клюбу БАТЭ разам з усёй інфраструктурай. Таму апраўданьня такім паразам няма».

Максім Ісаеў, заўзятар з Расеі: «Трэба гуляць, як беларускі БАТЭ, з поўным стартавым складам з адных беларусаў і забіваць тры мячы ў вароты Баварыі пры гэтым. Вось тут гонар».

Камэнтар ад eurosport: «Калі раней Беларусь у Эўропе асацыявалася выключна з Аляксандрам Лукашэнкам, то зараз Старому Сьвету ва ўсёй сваёй красе паказаў сябе сьціплы футбольны клюб, які паставіў на калені фіналіста Лігі чэмпіёнаў мінулага сэзону».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG