Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«І Беларусі, і Sony давядзецца абысьціся бяз Эрыксана»


Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

Пасьля таго як амбасадар Стэфан Эрыксан быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, ён цягам некалькіх месяцаў не даваў аніякіх інтэрвію і не рабіў заяваў у гэтай сувязі. 3 кастрычніка на старонках швэдзкага выданьня Aftonbladet дыплямат парушыў маўчаньне.

Эрыксан даў свае тлумачэньні, чаму ўлада Лукашэнкі выставіла яго з краіны. Пры гэтым ён адзначае, што прычына таму — усё ж не гісторыя з «плюшавым дэсантам».

Размову з Эрыксанам вядзе журналіст Вольфганг Хансан:

«Я быў адным з многіх журналістаў, якія спрабавалі атрымаць інтэрвію ў Эрыксана ў сувязі з дыпляматычным крызісам у швэдзка-беларускіх стасунках. Аднак тады яго тэлефоны не адказвалі і ён быў недаступны.

Сёньня Эрыксан тлумачыць прычыну — у МЗС не хацелі рызыкаваць і злаваць Менск, і менавіта таму ён вырашыў «залегчы на дно». Гэтымі днямі з амбасадарам удалося пагутарыць, калі ён браў удзел у пасяджэньні непалітычнай арганізацыі FoF (яе мэта — спрыяць грамадзкай дыскусіі ў пытаньнях бясьпекі і абароны Швэцыі).

Размова пачалася з анэкдоту, якія ходзіць па беларускіх сацыяльных сетках:

«Што агульнага паміж паміж Беларусьсю і Sony? І тое і другое цяпер мусіць абыходзіцца бяз Эрыксана», — сьмяецца дыплямат.

З усьмешкай Эрыксан расказвае сёньня і пра тое, што рашэньне беларускіх уладаў спыніць акрэдытацыю засьпела яго падчас адпачынку ў лесе пад Вэстэросам, калі ён пайшоў у грыбы.

«Гэта было неяк ашаламляльна, хоць сказаць, што гэта стала поўнай нечаканасьцю — нельга. У Стакгольм паступалі сыгналы зь Менску, што там незадаволеныя палітычнай лініяй Швэцыі што да Беларусі ды асабіста мной таксама», — кажа дыплямат.

Журналіст пацікавіўся: «Паводле вашага досьведу, ці прымаецца такое рашэньне дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам асабіста?»

Эрыксан адказаў: «Так, Лукашэнка зрабіў адкрыты выпад супраць мяне. Цалкам відавочна, што рашэньне прымалася на яго ўзроўні».

Цяпер, кажа Эрыксан, дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю і Швэцыяй не разарваныя. «Швэдзкая амбасада ў Менску ўсё ж ёсьць. Яна не зачыненая. Аднак актыўнасьці ніякай няма», — кажа дыплямат.

Дыплямат тлумачыць сытуацыю трыма прычынамі: «Швэцыя даўно праводзіць выразную лінію адносна пытаньняў з правамі чалавека і адкрыта гаворыць пра сытуацыю ў Беларусі. Таксама Швэцыя — адна з краінаў, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы гэтай палітыкі. Што да трэцяй прычыны, то гэта я сам».

Паводле дыплямата, ён далёка не заўсёды, так бы мовіць, «вітаў» дзеяньні афіцыйнага Менску. Гэта тычыцца і падзеяў 19 сьнежня 2010 году, калі ўлады разагналі мірную дэманстрацыю пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

У той вечар ён на свае вочы бачыў, як ляжаў без прытомнасьці на асфальце зьбіты да крыві кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў.

Таксама Эрыксану сыгналізавалі і пра тое, што афіцыйны Менск раздражнёны яго вялікай цікавасьцю да беларускай мовы і культуры і тым, што швэд аддае шмат увагі іх вывучэньню.

Што да акцыі зь плюшавымі мішкамі, то Эрыксан ня верыць, што яго выставілі з краіны за яе. Але, на яго думку, яна прычынілася да стварэньня атмасфэры, якая не палепшыла імідж Швэцыі.

Сёньня Стэфан Эрыксан працягвае займацца пытаньнямі правоў чалавека і адносін зь Беларусьсю ў Міністэрстве замежных спраў у Стакгольме.

Нейкіх пазытыўных прыкметаў у беларускай сытуацыі ён ня бачыць:

«Выбары 23 верасьня не былі свабоднымі і справядлівымі. Таму ніякая апазыцыя ў звычайным сэнсе існаваць ня можа. У лепшым выпадку дысыдэнты. Рэжым настолькі ўсё кантралюе, што мы нават ня можам сабе такога ўявіць. Кожны, хто актыўна выступае супраць, рызыкуе страіць працу або вучобу».

Стэфан Эрыксан спадзяецца, што некалі вернецца ў Беларусь.

Выданьне адзначае: Каб Стэфан Эрыксан змог вярнуцца ў якасьці амбасадара, трэба каб спачатку зьнік Лукашэнка.

Што да пытаньня пра магчымыя высілкі на шляху аднаўленьня дыпляматычных стасункаў паміж Швэцыяй і Беларусьсю, то дыплямат адказвае на яго так: «Я не магу нічога сказаць пра цяперашнюю сытуацыю».



Беларуска-Швэдзкая дыпляматычная вайна

30 жніўня амбасада Швэцыі ў Менску цалкам спыніла працу. Аналягічныя крокі зрабіў і беларускі бок са сваёй амбасадай у Стакгольме.

Ад 20 жніўня інтарэсы Швэцыі ў візавых пытаньнях у Беларусі прадстаўляе амбасада Эстоніі.

1 жніўня ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Швэдзкага дыплямата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасьці.

У адказ на гэта швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі. Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт на сваёй старонцы ў Твітэры напісаў: «Рэжым Лукашэнкі выслаў амбасадара Швэцыі з-за яго падтрымкі правоў чалавека. Абуральна. Мы сказалі, што новы пасол Беларусі ў Швэцыі не пажаданы, і папрасілі іншых двух дыпляматаў Беларусі пакінуць краіну».

8 жніўня МЗС Беларусі абвясьціў, што адклікае ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме, і рэкамэндаваў швэдзкаму боку да 30 жніўня адклікаць усіх сваіх дыпляматаў зь Менску.

Камэнтуючы сытуацыю, Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што канфлікт са Швэцыяй ніяк не зьвязаны зь незаконным палётам над Беларусьсю швэдзкага самалёта, які раскідаў над Івянцом і Менскам сотні плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі ў абарону свабоды слова.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь і Швэцыя дамаўляліся абмяняцца новымі амбасадарамі, але швэдзкі бок гэтыя дамоўленасьці парушыў, у выніку чаго і ўзьнік канфлікт.

Амбасадар Стэфан Эрыксан, адзначыў кіраўнік дзяржавы, працаваў у Беларусі сем гадоў, хоць звычайна тэрмін знаходжаньня дыплямата ў краіне абмяжоўваецца трыма гадамі. Гэта значыць, Беларусь ішла насустрач просьбам швэдзкага боку аб падаўжэньні акрэдытацыі іхнага амбасадара, падкрэсьліў ён.

Каля году таму, паведаміў Лукашэнка, швэдзкаму боку было заяўлена пра немагчымасьць далейшага падаўжэньня акрэдытацыі Эрыксана з-за той дзейнасьці, якой ён займаўся ў Беларусі.

«Мядзьведжы» дэсант

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых мядзьведзікаў з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі і свабоды слова ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі розгалас і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў паветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», — паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG