Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаўскія хакеісты наведалі магілы Салея, Астапчука і Крываносава


2 кастрычніка напярэдадні сустрэчы Кантынэнтальнай хакейнай лігі ў комплексе «Менск-Арэна» паміж камандамі «Дынама» (Менск) і «Лякаматыў» (Яраслаўль) расейскія гульцы наведалі сталічныя могілкі, дзе пахаваныя Руслан Салей, Сяргей Астапчук і Мікалай Крываносаў. Усе яны загінулі ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем летась 7 верасьня, калі «Лякаматыў» ляцеў у Беларусь на першы матч сэзону з дынамаўцамі. Найлепшы хакеіст Беларусі Руслан Салей і малады гулец Сяргей Астапчук дэбютавалі ў расейскай камандзе, Крываносаў быў трэнэрам па фізычнай падрыхтоўцы.

Шматгадовы капітан зборнай Беларусі, беларускі рэкардсмэн па колькасьці выступаў у Нацыянальнай хакейнай лізе Руслан Салей пахаваны на Ўсходніх могілках Менску, форвард Сяргей Астапчук і трэнэр Мікалай Крываносаў — на Кальварыйскіх.

Такім чынам новы склад яраслаўскай каманды, за якую ў гэтым сэзоне выступае блізкі сябра Руслана Салея, мянчук Аляксей Калюжны, аддаў даніну памяці аднаклюбнікам, дачасна загінулым падчас крушэньня самалёту.
XS
SM
MD
LG