Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага ў вымагальніцтве трэнэра адпусьцілі з КДБ


Зь сьледчага ізалятара Камітэту дзяржбясьпекі вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў і лекар каманды Павал Дрынеўскі.

Спартовых адмыслоўцаў затрымалі сёлета ў траўні, за два месяцы да пачатку Алімпійскіх гульняў у Лёндане. Абодвум інкрымінавалася вымагальніцтва.

Як падазравалі сьледчыя, Бадуеў і Дрынеўскі бралі буйныя сумы за «станоўчае вырашэньне пытаньняў», зьвязаных з допінг-кантролем на перадалімпійскіх стартах і ў часе саміх Гульняў. Адной з тых, хто актыўна супрацьстаяў настойлівым «прапановам» трэнэра і мэдыка, называлі кідальніцу молата Надзею Астапчук, якую па выніках Лёндану-2012 абвінавацілі ва ўжываньні допінгу і пазбавілі залатога мэдаля. Нават зьявіліся дапушчэньні, што гэта Бадуеў за незгаворлівасьць атлеткі «арганізаваў» ёй допінгавую пастку, тым самым зламаўшы Астапчук спартовую кар’еру.

Аднак у КДБ не камэнтуюць, на якой падставе вызвалілі фігурантаў крымінальнай справы, таму застаецца невядомым, зьнялі зь іх ці пакінулі абвінавачаньні ў вымагальніцтве.

У сваю чаргу, у Міністэрстве спорту і турызму пацьвердзілі, што адмыслоўцаў сапраўды вызвалілі, а Бадуеў ужо нават зьяўляўся на працы. У ведамстве ўдакладнілі, што ніхто яго з пасады галоўнага трэнэра не здымаў, а Алімпіяду ён прапусьціў з «аб’ектыўных прычынаў». У Лёндан каманду вазіў выканаўца абавязкаў трэнэра Аляксандар Трашчыла.

Упершыню ў сувэрэннай гісторыі каманда беларускіх лёгкаатлетаў не здабыла ніводнага алімпійскага мэдаля — калі не лічыць золата згаданай Надзеі Астапчук, якое ў яе пазьней забралі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG