Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін падкарэктаваў абменны курс адразу на паўтысячы рублёў


Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што бюджет 2013 году сфармаваны з разьліку курсу даляра 8950 рублёў.

Паказальна, што зусім нядаўна гэтае ж ведамства закладала на наступны год нашмат меншы паказьнік — 8400–8500 рублёў за даляр. Аднак такая прапорцыя мае месца ўжо зараз: так, сёньня ў адносінах да амэрыканскай валюты беларускі рубель скарыў гадавы максымум, усталяваўшыся падчас таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы на адзнацы 8520 за даляр.

Зрэшты, як лічаць экспэрты, абменны курс, заплянаваны на будучы год, можа стаць рэальнасьцю ўжо сёлета. Паводле фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, калі распачнецца гонка за патрэбнымі ўладам паказьнікамі, утрымаць рубель будзе амаль немагчыма:

«Калі Нацыянальны банк і ўрад будуць дзейнічаць акуратна, то, магчыма, рэзкіх ваганьняў і ня будзе. Але гэта пры ўмове, што, магчыма, улады і давядуць заробак да 500 даляраў, але ня будуць спрабаваць яго падняць вышэй, пакінуць стаўку рэфінансаваньня на дадатным узроўні ў параўнаньні з інфляцыяй, і стаўкі па дэпазытах таксама будуць перавышаць інфляцыю. Пры такой акуратнай палітыцы ёсьць шанец, што курс да канца году ня вырасьце вышэй, чым 9000 рублёў за даляр. Калі ж грашовая палітыка будзе мякчэйшая, інакш кажучы, эканамічныя ўлады наробяць больш глупстваў, то курс можа быць, у прынцыпе, які заўгодна».

Эканамісты лічаць, што адной з прычынаў абясцэньваньня рубля можа стаць дырэктыўны загад давесьці сярэдні заробкак па краіне да 500 даляраў сёлета, а ў наступным годзе гэтая плянка павінна ўзьняцца яшчэ на 100 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG