Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілашоскі: Вынікі выбараў сумнеўныя


Антоніё Мілашоскі

Антоніё Мілашоскі

Тое, якім чынам у Беларусі былі абвешчаныя вынікі парлямэнцкіх выбараў 23 верасьня, стварае глебу для сумневаў.

«Было дзіўным, што Цэнтравыбаркам абвясьціў вынікі ў той час, як у 30-ці выбарчых акругах, згодна з пададзенай нашым назіральнікам інфармацыяй, вынікі падліку галасоў і выбараў яшчэ не былі падрыхтаваныя», — заявіў Антоніё Мілашоскі, кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).

У інтэрвію БелаПАН Мілашоскі адзначыў:

«Была абвешчаная агульная яўка выбарцаў і пераможцы, але не было абвешчана, колькі адсоткаў набраў кожны з кандыдатаў, а вынікі не былі разьбітыя па выбарчых участках. Такая практыка абвяшчэньня вынікаў да таго, як апрацаваныя ўсе бюлетэні, а таксама неабвяшчэньня вынікаў па кожным выбарчым участку стварае глебу для сумневаў у выніках падліку галасоў».

Пры гэтым Мілашоскі заявіў, што ў назіральнікаў АБСЭ «не было магчымасьцяў атрымаць дакладныя дадзеныя» пра яўку выбарцаў у Беларусі.

«Мы ня можам даваць нейкую ацэнку што да лічбаў яўкі. Многім нашым назіральнікам не было дадзена магчымасьці паўнавартасна назіраць за працэсам падліку галасоў. Таму мы ня можам даць нейкае заключэньне».

Мілашоскі: Вельмі незвычайна, што місія назіральнікаў ад СНД ацаніла выбары ў Беларусі да заканчэньня выбарчай кампаніі

«Для АБСЭ вельмі незвычайна, каб місія давала ацэнку і заключэньне па выбарах да таго, як выбарчая кампанія прайшла. А назіральнікі ад місіі СНД гэта рабілі», — заўважыў Мілашоскі.

Што тычыцца выбараў у парлямэнт, назіральнікі місіі «адзначылі адсутнасьць моцнай цікавасьці да іх», — сказаў Мілашоскі.

«Мы не заўважылі, каб часткай кампаніі сталі, напрыклад, дэбаты па такіх важных пытаньнях, як адукацыя, ахова здароўя, рэлігія, прыватызацыя ды іншыя. У сытуацыі адсутнасьці абмеркаваньня такіх важных пытаньняў яўка і байкот выбараў сталі галоўнымі тэмамі гэтай выбарчай кампаніі», — дадаў кіраўнік місіі.

На пытаньне, як бы ён асабіста паставіўся да ідэі байкоту, калі б жыў у Беларусі, Антоніё Мілашоскі адказаў:

«Калі ў краіне ёсьць выбарчая сыстэма і заканадаўства, да якіх існуе поўны давер, то няма прычын для байкоту выбараў. Калі ж ёсьць недавер да выбарчага працэсу, працэдуры падліку галасоў, то шанцы на тое, што якія-небудзь бакі будуць схільныя да байкоту, узрастаюць. Але ў кожнай партыі ёсьць права выбіраць — прымаць удзел у выбарчай кампаніі ці не».
XS
SM
MD
LG