Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец прачытае публічную лекцыю пра «Майстроўню»


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

5 кастрычніка аўтар кнігі «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» распавядзе пра людзей, якія стварылі першае нефармальнае аб’яднаньне беларускай моладзі ў Менску.

«Але, перадусім, гэтая лекцыя — размова пра нашае сёньня», — зазначае Дубавец.

Падзеі, зьвязаныя з «Майстроўняй», адбываліся ў 1980-х гадах мінулага стагодзьдзя. Аднак сваю лекцыю Сяргей Дубавец назваў «Жыцьцё ў спыненым часе».

«Час спыніўся для Беларусі як краіны і нацыі. Яны рухаюцца і разьвіваюцца хіба што ў мікраскапічным незалежным асяродку. У цэлым жа краіна і нацыя паволі спаўзаюць кудысьці назад, ужо не ў 1990-я, а ў 1970-я гады», — кажа Сяргей Дубавец.

Які ўплыў зрабіла «Беларуская Майстроўня» на фармаваньне культурнай прасторы Беларусі? Як і чаму сталася так, што мы пачалі «жыць у спыненым часе»? Што ў актуальнай сытуацыі можа стаць падмуркам, пачаткам новага этапу культурнага разьвіцьця краіны? Гэтыя і іншыя пытаньні Сяргей Дубавец плянуе асьвятліць падчас лекцыі.

«Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — гэта сэрыя гісторый удзельнікаў першага публічнага аб’яднаньня нацыянальна сьвядомай моладзі ў 1980-х гадах у Менску. Кніга даступная ў электронным варыянце на сайце «Свабоды».

Выступ Сяргея Дубаўца адбудзецца ў рамках цыклю публічных лекцый «Urbi et Orbi», што значыць у перакладзе з лаціны «Гораду і сьвету». Адзін з праектаў Лятучага Ўнівэрсытэту мае на мэце прыцягнуць аўтарытэтных культурнікаў, навукоўцаў, дасьледчыкаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў да дыялёгу пра самыя актуальныя тэмы беларускай сучаснасьці.

5 кастрычніка лекцыя пачнецца а 18.30 ў галерэі «Ў» па адрасе: праспэкт Незалежнасьці, 37а.
XS
SM
MD
LG