Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купава ахвяруе карціны на рэстаўрацыю аршанскага помніка


Мікола Купава

Мікола Купава

Мастак Мікола Купава вырашыў прадаць каля 20 сваіх прац. Грошы за іх ён хоча перадаць на рэстаўрацыю аршанскага Сьвята-Пакроўскага кляштара, помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя.

Мікола Купава зьбіраецца бліжэйшым часам наладзіць продаж карцін праз інтэрнэт. Зараз ён шукае спэцыялістаў, якія дапамаглі б яму наладзіць такі інтэрнэт-аўкцыён. Спадар Купава спадзяецца, што ягоная акцыя дапаможа пачаць збор сродкаў на аднаўленьне помніка віленскага барока — Сьвята-Пакроўскага кляштара — у Воршы, на ягонай радзіме:

«У Воршы гэта адзіны вельмі важны архітэктурна-гістарычны аб’ект. Усё астатняе было зьнішчана ў 60-я гады. Прытым на маіх вачах бурылі ў 1957–59 гадах і аж да 1968 году, і потым яшчэ. Засталіся толькі муры кляштара, і іх трэба ўратаваць, таму што яны ў кепскім, аварыйным стане».

Мікола Купава гатовы ахвяраваць на аднаўленьне кляштара свае працы з аршанскімі краявідамі, у тым ліку і самога помніка, афорты паводле твораў Караткевіча, творы, прысьвечаныя паўстаньню Кастуся Каліноўскага, Аршанскай бітве.

«У мяне шмат твораў, і я спадзяюся, што калі ўсё гэта пойдзе, то падключацца і іншыя мастакі. Мы рэальна можам на гэты працэс паўплываць, і гэта будзе пачатак, бо нічога падобнага там не рабілася, дый агулам у Беларусі».

Пра стан помніка і пачатак збору ахвяраваньняў на рэстаўрацыю «Свабода» пісала некалькі дзён таму.
XS
SM
MD
LG