Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бішкек чакае «прамога адказу» на запыт аб выдачы Курманбека Бакіева


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Міністэрства замежных спраў Кіргізстану чакае "прамога адказу «зь Менску на афіцыйную ноту пра экстрадыцыю былога кіраўніка рэспублікі Курманбека Бакіева.

«Мы чакаем прамога адказу на наш афіцыйны зварот, які яшчэ не паступіў. Калі выказваньні амбасадара Беларусі ў Казахстане адпавядаюць рэчаіснасьці, то мы вельмі шкадуем, што крымінальныя перасьледы і абавязаньні паводле Мінскай і Кішынёўскай канвэнцыяў СНД пераводзяцца ў палітычную плашчыню», — заявіў журналістам начальнік Упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар МЗС Кіргізстану Нуржыгіт Кадырбекаў.

«Працэсы ўступленьня Кіргізстану ў Мытны зьвяз і крымінальны перасьлед знаходзяцца ў рознай плашчыні, і ніякага торгу тут быць ня можа», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

Раней амбасадар Беларусі ў Казахстане Валеры Брылёў у інтэрвію рэсурсу tengrinews.kz заявіў, што «Беларусь не гатовая бачыць Кіргізстан у Мытным зьвязе да ўрэгуляваньня палітычных пытаньняў», нагадвае Інтэрфакс.

5 верасьня 2012 году Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Джаныша Бакіева, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

7 красавіка 2010-га быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 году свайго папярэдніка Аскара Акаева, паведамляе Інтэрфакс.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.

Пазьней Курманбек Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства.
XS
SM
MD
LG