Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты на Ўсясьветны дзень барацьбы за годную працу забароненыя


Апошняя публічнай акцыяй пратэсту ў Магілёве "Народны сход", архіўнае фота

Апошняя публічнай акцыяй пратэсту ў Магілёве "Народны сход", архіўнае фота

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў сябру прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксею Яўгенаву правесьці 7 кастрычніка, ва ўсясьветны Дзень барацьбы за годную працу, пікет насупраць будынка гарадзкой адміністрацыі.

Прычына забароны — абранае месца не падыходзіць для публічных акцыяў. Паводле Яўгенава, намесьнік старшыні выканкаму Мікалай Міхаленя напісаў, што такое месца — стадыён на вуліцы Чалюскінцаў абласнога цэнтру.

Яўгенаў: «Зразумела, што на стадыёне нельга праводзіць пікет, бо яго там ніхто не заўважыць. У пікеце насупраць гарвыканкаму меліся ўзяць удзел да 30 чалавек. Падчас акцыі мы зьбіраліся запатрабаваць ад ураду скасаваць сыстэму тэрміновых кантрактаў, якая супярэчаць міжнародным нормам, беларускай Канстытуцыі й працоўнаму заканадаўству, спыніць дыскрымінацыю ў працоўных адносінах, у тым ліку паводле прыналежнасьці працаўнікоў да незалежных прафсаюзаў. Акрамя таго, зьбіраліся патрабаваць роўных магчымасьцяў рэалізацыі права на працу, бясьпечных умоваў працы й годнага заробку. Цяпер даволі складаная сытуацыя на прадпрыемствах з заробкамі і беспрацоўем, таму, зразумела, уладам не патрэбныя публічныя акцыі пратэсту, як наша, таму й адмаўляюць. Раней мы падавалі заяўкі на пікеты і на стадыён. Таксама адмаўлялі».

Апошняй публічнай акцыяй пратэсту ў Магілёве быў «Народны сход». Яго правялі летась 8 кастрычніка якраз на стадыёне, што на вуліцы Чалюскінцаў, далёка ад людных месцаў. Акцыю ўлады прызналі несанкцыянаванай і аднаго з арганізатараў, актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава, пакаралі штрафам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG