Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны адразу падумаць аб павелічэньні ўлады міліцыі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра рэформу МУС. Ці дастаткова сёньня ў міліцыі паўнамоцтваў, каб змагацца з злачыннасьцю? Ці трэба скарачаць колькасьць супрацоўнікаў МУС і ад якіх функцыяў варта вызваліць гэтае міністэрства? На гэтыя пытаньні адказвае генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.

— Ці сапраўды ў некаторых пытаньнях у міліцыі недастаткова ўлады, каб эфэктыўна змагацца з злачыннасьцю? Ці, як сьцьвярджаюць, напрыклад, праваабаронцы, у пэўных момантах праваахоўныя органы наадварот маюць зашмат улады?

— Што тычыцца павелічэньня паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі, то я ня бачу ў гэтым ніякай патрэбы. Мне здаецца, што ў міліцыі сёньня дастаткова ўлады, дастаткова заканадаўчай базы — трэба, каб гэтыя законы выконваліся. Бо колькі ты ўлады міліцыі не давай, але пакуль яна будзе пытацца дазволу на правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў адносна некаторых службовых асобаў (а гэта сёньня мае месца) — становішча ня зьменіцца.

Калі далей разьвіваць гэтую тэму, то можна сказаць, што адносна шараговых грамадзян Беларусі ў міліцыі ўлады больш, чым патрэбна. Што ж тычыцца высокіх чыноў, вось тут трэба міліцыі даць уладу, каб ніхто ня ўмешваўся ў распрацоўкі міліцыі адносна тых людзей, якія падазраюцца ў крымінальным злачынстве.

— Сёньня зайшла размова і пра патрэбу скарачэньня супрацоўнікаў МУС. Часам ад некаторых міліцыянтаў можна пачуць нараканьні, што ў пэўных аддзелах у іх не хапае людзей. Ці лічыце вы, што скарачэньні ў МУС патрэбныя?

— Я лічу, што скарачэньні патрэбныя. У часы савецкай улады,калі я працаваў у органах унутраных справаў, міліцыі было ўдвая менш, чым сёньня. І яна выконвала тыя самыя задачы. У нас засталася тая ж тэрыторыя, а колькасьць насельніцтва нават скарацілася — а міліцыя павялічылася ўдвая.

Але справа ня толькі ў гэтым. Трэба міліцыю вызваліць ад не ўласьцівых ёй абавязкаў. Палітычны вышук, вулічныя шэсьці, пікеты — усё гэта павесілі на міліцыю. А гэта ніякага дачыненьня ня мае да барацьбы з злачыннасьцю. Усё гэта трэба аддаць іншым ведамствам, а міліцыя няхай займаецца злачыннасьцю, ахоўвае грамадзкі парадак.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG