Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: Справай Зьмітра Дашкевіча цікавіцца ўсё больш людзей


Пра тое, што адбываецца ў Мазырскай калёніі з Дашкевічам, ужо ведаюць у Ватыкане і Нью-Ёрку. Тым часам нявеста палітвязьня зьвярнулася са скаргай у пракуратуру Беларусі.

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка зьвярнулася ў рэспубліканскую пракуратуру з заявай, у якой просіць расьсьледаваць факты пагрозаў Зьмітру Дашкевічу і ціску на яго ў Мазырскай калёніі.

Паводле Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч таксама зьбіраецца паскардзіцца на дзеяньні адміністрацыі калёніі. Такую скаргу плянуецца падаць з дапамогай адваката, але сустрэча зь ім магчымая толькі пасьля заявы Дашкевіча аб спатканьні з абаронцам. Дашкевіч пакуль у карцэры і вестак ад яго няма, кажа Наста Палажанка:

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«Ад яго ніякіх вестак на дадзены момант няма, бо ён у ШЫЗА. На гэтым тыдні мы паедзем у калёнію разам з адвакатам і нешта паспрабуем даведацца. Пакуль мы пішам скаргі, фактычна кожны дзень нешта дадаём, зьвяртаемся ў розныя інстанцыі і ўстановы, спрабуем прыцягнуць да Зьмітра ўвагу, каб больш такога зь ім не паўтаралася».

Напярэдадні былы начальнік ізалятара часовага ўтрыманьня Івацэвіч Станіслаў Халадовіч зьвярнуўся да начальніка Мазырскай калёніі Юрыя Збароўскага з адкрытым лістом, заклікаючы спыніць ціск на Зьмітра Дашкевіча. Станіслаў Халадовіч кажа, што яму вядома пра пагрозы зьмясьціць Дашкевіча да «блатных», якія яго могуць згвалціць — гэтак пагражаў Дашкевічу адзін з турэмшчыкаў. «Свабода» папрасіла Станіслава Халадовіча як прафэсіянала пракамэнтаваць дзеяньні адміністрацыі Мазырскай калёніі:

"Скажу, што тут ня бачна прафэсіяналізму, а бачны больш крымінал. Тое, што запужваюць нібыта "блатнымі«...Няма зараз ніякіх «блатных», гэтак званых прафэсійных злодзеяў. Зараз у былыя «блатныя» трапілі тыя, каго з волі добра «падпітваюць», у тым ліку грашыма. Я ў гэтай сыстэме сам працаваў і ведаю, што гэта адбываецца зь вязьнямі, якіх падтрымлівае адміністрацыя. Іх звычайныя вязьні яшчэ называюць «быкамі». Такіх людзей рэжымная частка калёніі трымае, падкормлівае. Найперш праз такіх людзей здабываюць інфармацыю пра тое, што робіцца ўнутры ўстановы. Але гэта злачынны шлях, які ствараюць такія супрацоўнікі гэтых установаў«.

Ці правядзе Генпракуратура праверку ціску на Дашкевіча ў Мазырскай калёніі і калі можа пачацца такая праверка, Наста Палажанка разьлічвае даведацца цягам двух тыдняў.

Тым часам сваякі палітвязьняў зьвярнуліся з адкрытым лістом да Папы рымскага Бэнэдыкта XVI. У лісьце сваякі падзякавалі за ўдзел у лёсе іх родных і выказалі надзею, што ён паспрыяе вызваленьню ўсіх беларускіх палітвязьняў. У лісьце названыя іх імёны. Гэта Зьміцер Дашкевіч, Мікола Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандар Францкевіч, Васіль Парфянкоў, Яўген Васьковіч, Аляксандар Круты, Арцём Пракапенка, Аляксандар Малчанаў.

Наста Палажанка згадала пра нядаўнюю сустрэчу папскага нунцыя зь некаторымі зь беларускіх палітвязьняў і тое, што пасьля гэтага два зь іх, Павал Сырамалотаў і Сяргей Каваленка, выйшлі на волю:

«Мы вельмі спадзяемся, што і ў далейшым яны змогуць уплываць на лёс нашых сваякоў. Ведаючы, што спадар нунцый сустрэнецца з Папам рымскім, мы і зрабілі зварот са словамі ўдзячнасьці і просьбай не спыняць малітвы за Беларусь і паспрыяць вызваленьню гэтых людзей».


Тым часам праваабаронцы з арганізацыі «Плятформа» накіравалі ў Нью-Ёрк спэцдакладчыку ААН па пытаньнях катаваньняў, жорсткага абыходжаньня і пакараньняў Хуану Мэндэсу тэрміновы зварот пра жорсткае, нялюдзкае і зьневажальнае для людзкай годнасьці абыходжаньне з палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам у Мазырскай папраўчай калёніі № 20.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG