Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Грузіі: брудныя тэхналёгіі і мільярдэр на чале апазыцыі


Падчас галасаваньня

Падчас галасаваньня

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі, якія адбываюцца сёньня, вызначаць ня толькі новы склад парлямэнту, але і курс краіны на бліжэйшыя гады. Перадвыбарчая кампанія праходзіла на фоне гучных скандалаў, арыштаў, кампрамату, узаемных абвінавачаньняў з боку партыяў-канкурэнтаў, масавых акцыяў пратэсту.

На 150 месцаў у парлямэнце прэтэндуюць 2805 кандыдатаў ад двух выбарчых блёкаў і 14 партыяў. Выбары, згодна з новым Выбарчым кодэксам, будуць лічыцца сапраўднымі пры любой яўцы выбаршчыкаў.

Асноўная барацьба разгортваецца паміж двума буйнымі палітычнымі аб'яднаньнямі – кіроўнай партыяй «Адзіны нацыянальны рух» і апазыцыйным выбарчым блёкам мільярдэра Бідзіна Іванішвілі «Грузінская мара». Апошнімі тыднямі вуліцы Тбілісі запоўніліся разнамаснай перадвыбарчай прадукцыяй, а з тэлеканалаў нон-стоп зьліваўся кампрамат.

Калі ў рэгіёнах Саакашвілі застаецца найпапулярнейшым лідэрам, то ў буйных гарадах і ў Тбілісі сытуацыя кардынальна іншая. У суботу на апазыцыйны мітынг у цэнтры Тбілісі сабраліся каля паўмільёна чалавек. Гэта самая буйная акцыя пратэсту ад гэтак званай рэвалюцыі ружаў.

Галасаваньне адбываецца ва ўсіх рэгіёнах Грузіі, за выключэньнем Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Таксама адкрытыя ўчасткі за мяжой. Аднак як мінімум паўмільёна грузінаў, якія жывуць у Расеі, ня змогуць узяць удзел у галасаваньні. Пасьля вайны 2008 году паміж краінамі перарваныя дыпляматычныя дачыненьні.

Першыя вынікі экзыт-полаў зьявяцца ўжо ў 19-20 гадзінаў па беларускім часе. Апазыцыя ня верыць у справядлівы падлік галасоў і будзе чакаць вынікаў на плошчы Свабоды ў цэнтры Тбілісі.
XS
SM
MD
LG