Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія гісторыкі лічаць, што кніга «Гродназнаўства», вакол якой узьняўся скандал, ужо маральна састарэла, бо зьявіліся новыя навуковыя зьвесткі пра гісторыю Горадні, якія патрабуюць аналізу і павінны быць апублікаваныя ў новым выданьні.

Тым ня менш, аб’ектыўна напісаная кніга па гісторыі Горадні ўжо стала бібліяграфічнай рэдкасьцю, яе немагчыма набыць у кнігарні і цяжка знайсьці ў бібліятэцы.

Кнігу «Гродназнаўства» трэцім выданьнем выдалі ў Польшчы ў сэрыі «Гарадзенскай бібліятэкі». З-за яе ўчыніўся цэлы скандал, аднаго з аўтараў — Андрэя Чарнякевіча — звольнілі з выкладчыцкай працы ў гарадзенскім унівэрсытэце імя Я.Купалы. Набыць кнігу цяпер у Горадні папросту нерэальна.

Паводле аднаго з укладальнікаў, Эдварда Дзьмухоўскага, кнігі, выдадзеныя ў сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», у крамы нават ня трапілі, а разышліся імгненна на прэзэнтацыях.

Эдвард Дзьмухоўскі

Эдвард Дзьмухоўскі

«Прэзэнтацыі ладзіліся і афіцыйныя, і неафіцыйныя. Зацікаўленасьць і запатрабаванасьць былі вельмі вялікія. Людзі бралі не па адной, а па некалькі кніг, дзеці набывалі, настаўнікі набывалі».

Гэта было ўжо трэцяе выданьне, ілюстраванае новымі здымкамі, каляровае, выдадзенае на дарагой паперы. Яно выразна адрозьнівалася ад двух папярэдніх, якія былі выдадзеныя гарадзенскім унівэрсытэтам. Унівэрсытэцкія выданьні трапілі і ў кнігарні Горадні, але, запытаўшыся пра «Гродназнаўства», можна пачуць тыповы адказ:

Прадавачка: «Не, няма. Даўно ўжо яе прадалі. Прынамсі бліжэйшым часам яе ня будзе...»

А вось у краязнаўчым аддзеле абласной бібліятэкі на маё пытаньне, ці ёсьць у іх «Гродназнаўства», адказалі наступным чынам:

Спадарыня: «Так, ёсьць такая кніга, але зараз яна выдадзена чытачам».

Карэспандэнт: «А чыё ў вас выданьне гэтае кнігі?»

Спадарыня: «У нас два выданьні: унівэрсытэцкае і тое, якое нядаўна выдалі ў Польшчы».

Карэспандэнт: «А польскае выданьне не пад забаронай?»

Спадарыня: «Пакуль што не».

Нягледзячы на такую папулярнасьць кнігі, гісторыкі лічаць, што выдаваць дадатковы наклад ня варта. Укладальнік «Гродназнаўства» Эдвард Дзьмухоўскі кажа, што кніга ўжо фактычна састарэла.

Дзьмухоўскі: «Гэта вынік працы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, а зараз пра Горадню зьявілася шмат новай навуковай інфармацыі, якую трэба апрацоўваць, столькі новых фактаў раскрыта. І новую кнігу варта выдаваць паводле новых дасьледаваньняў і матэрыялаў».

Аўтарытэтны гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук таксама схільны да таго, што па гродназнаўстве трэба рыхтаваць новую кнігу. І вось што яму перш за ўсё хацелася б бачыць у ёй:

Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

«Вельмі важна, каб на горад паглядзець не на як беларускі ці савецкі, а на горад розных народаў, дасьледаваць пэўную супольнасьць — нацыянальную, сацыяльную ў ранейшы час, бо не хапае такога рэальнага жывога чалавека. Я ня маю на ўвазе Стэфана Баторыя альбо князя Вітаўта ці Антонія Тызэнгаўза — пра іх шмат напісана. А вось нестае пра звычайных простых гараджанаў».

Звольнены з унівэрсытэту адзін з аўтараў «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч таксама лічыць, што наклад скандальнае кнігі ня варта дадрукоўваць, каб не падстаўляць больш людзей, якія могуць пацярпець, як і ён.

Андрэй Чарнякевіч

Андрэй Чарнякевіч

«Таму што адна кніжка тут надвор’я не стварае, як і звальненьне аднаго выкладчыка. Але калі агульна будзе скасавана ўся сыстэма, усе намаганьні, якія былі зробленыя дзеля гісторыі Горадні і яе вывучэньня, то тады гэта будзе больш значная страта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG