Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята дэмакратыі: альбо мы альбо яны


У Грузіі сёньня праходзяць выбары ў парлямэнт, вынікі якіх, на думку аналітыкаў, акажуць ключавы ўплыў на палітычны курс краіны ў бліжэйшыя гады.

За перамогу змагаюцца кіруючы «Адзіны нацыянальны рух» прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі і апазыцыйная кааліцыя «Грузінская мара» прадпрымальніка Бідзіны Іванішвілі. Усяго ў выбарах удзельнічаюць 16 партый. У парлямэнт абіраюцца 150 дэпутатаў.

Перадвыбарчая кампанія суправаджалася шматлікімі інцыдэнтамі і была вельмі жорсткай. Паўплываў на яе і скандал зь відэазапісамі зьдзекаў над зьняволенымі ў тбіліскай турме.

Апазыцыя асьцерагаецца, што вынікі галасаваньня будуць сфальсыфікаваныя. У назіраньні за хадой выбараў 1 кастрычніка ўдзельнічаюць прынамсі 60 тысяч чалавек.

Вось што распавёў пра хаду выбарчай кампаніі ў Грузіі наш спэцыяльны карэспандэнт Франак Вячорка.

Вячорка: «Я зараз знаходжуся ў звычайнай тыповай грузінскай вёсцы, якая называецца Тулары ў правінцыі Тулараджа. Гэта знакамітая Кахеція, дзе робяць выдатнае грузінскае віно. Але я тут зь іншай місіяй, я сачу за выбарчай кампаніяй. Зараз ідзе галасаваньне і тут не да віна.

Перада мною гараж, палова сьцяны якога — сярэднявечнага паходжаньня, выкладзеная зь вялізных валуноў. Усе 13 сябраў выбарчай камісіі ў зялёных накідках, безумоўна, усе мужчыны, таму што гэта вёска азэрбайджанцаў. Тут 100% насельнікаў азэрбайджанцы.

Калі казаць пра хаду галасаваньня, то складваецца адчуваньне, што грузіны абвясьцілі байкот.

Бо калі раней у гэтай вёсцы галасавалі 100% жыхароў (верыць гэтаму ці не — пытаньне іншае), то на дадзены момант прагаласавала толькі 14%. А ўжо палова дня, 5 гадзін да закрыцьця ўчасткаў. Чаму? Ёсьць розныя тлумачэньні. Вёска вымірае, бальшыня людзей, якія самі прыходзяць ці іх звозяць (гэта нагадвае карусэль, якая практыкавалася ў Менску і ў Маскве) — гэта людзі сталага веку, якія ў цэлым уладзе ня вераць. Гэта з аднаго боку. Але зь іншага боку гэтыя выбары незвычайныя. Бо апазыцыя Саакашвілі на гэтых выбарах моцная як ніколі і ў яе рэальныя шанцы ўзяць уладу. Апазыцыя абвінавачвае Саакашвілі ў аўтарытарных замашках. І тут ідзе змаганьне — «альбо мы альбо яны».

Напрыклад, Тбілісі ніколі ня бачыў 500-тысячнага мітынгу, які адбыўся ў суботу. Гэта нагадвала вялізнае шоў. Спачатку я быў на мітынгу прыхільнікаў Саакашвілі, які быў зроблены ў амэрыканскім стылі — сьцягі, музыка, фанфары, канцэрт, Саакашвілі зь дзіцём на руках.

А потым быў мітынг апазыцыі, якую ўзначальвае Іванішвілі. Увесь горад перакрылі, шмат гандлярак, якія прадаюць хачапуры, падарункі, сьцягі, гульні, дынамікі па ўсім горадзе расстаўленыя. Такое сьвята дэмакратыі».
XS
SM
MD
LG