Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2013 год прадугледжвае рост сярэдняй заработнай платы да 500 даляраў. Пры гэтым, як заўважаюць аналітыкі, павышэньне даходаў беларусаў будзе паглынута ростам тарыфаў за камунальныя паслугі і цэнаў на тавары штодзённага попыту.

Падрыхтаваны ўрадам і зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў 2013 годзе прадугледжвае рост грашовых даходаў насельніцтва на 6,5 працэнта. Урад абяцае ў наступным годзе давесьці сярэдні заробак па эканоміцы ня менш як да 500 даляраў, а ў 2015 годзе — да 684 даляраў. Менскі эканаміст Сяргей Чалы з гэтай нагоды заўважыў:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Атрымліваецца, што адышлі ад запаветаў Чацьвёртага ўсебеларускага сходу. Там абяцалі да 2015 году 1000 даляраў сярэдняга заробку. Атрымліваецца, што эканамічны рост — гэта сьвятое, а даляравыя даходы насельніцтва чамусьці можна і не выконваць».

У дакумэнце ўрад выказвае занепакоенасьць працоўнай міграцыяй з краіны — сярэдні заробак у Беларусі ў 2013 годзе мае складаць 55 працэнтаў ад расейскага.

Пры гэтым заплянаваная на будучы год інфляцыя мае скласьці 112 працэнтаў да сёлетняга ўзроўню (а сёлета яна чакаецца ў памеры 122 працэнты). Асноўны «ўнёсак» у інфляцыю возьме на сябе так званая рэгуляваная група тавараў і паслуг.

Як зазначана ў дакумэнце, у 2013 годзе паэтапна будзе скасаванае дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на асобныя харчовыя тавары, у тым ліку на муку, хлеб, крупы. Фармальна гэта робіцца дзеля ліквідацыі цэнавых перакосаў унутры таварных груп і мінімізацыі цэнавага дыспарытэту з Расеяй — у прыватнасьці, у мясной, малочнай і хлебабулачнай прадукцыі.

Падаражэе гарэлка — за кошт набліжэньня беларускіх ставак акцызаў да расейскіх. Пры гэтым урад прагназуе паўпрацэнтнае падзеньне вытворчасьці гарэлкі і лікёраў — «у сувязі зь пераходам спажыўцоў на больш танныя сьпіртовыя напоі».

Апрача таго, вырастуць камунальныя тарыфы. Напрыклад, газ для кухонных пліт падаражэе на 58,5 працэнта. Паводле плянаў ураду, плацяжы за тыповую двухпакаёвую кватэру ў наступным годзе вырастуць да 300 тысяч рублёў, у 2014 годзе — да 520 тысяч, у 2015-м — да 676 тысяч.

Сяргей Чалы кажа, што абяцаны заробак у 500 даляраў у сьнежні 2010 году і цяпер — гэта розныя сумы:

«Калі тады з такімі грашыма можна было лічыць сябе багатым чалавекам, то цяпер іх ледзьве хапае на асноўныя базавыя выдаткі, такія, як ежа, камуналка і іншае. Зразумела, што калі гэтая задача росту заробку ў даляравым вымярэньні стаіць, то будуць рабіць так, каб адною рукою даваць, а другою — забіраць».

Што да макраэканамічных паказчыкаў, то заплянаваны рост ВУП на 108,5 працэнта, прамыя замежныя інвэстыцыі ў памеры 4,5 мільярда даляраў (пры тым, што сёлета чакаецца 1,2 мільярда даляраў такіх інвэстыцый).

За кошт продажу дзяржаўнай уласнасьці ўрад зьбіраецца прыцягнуць 2,5 мільярда даляраў, пры гэтым зазначаецца, што ў ходзе «празрыстай і падкантрольнай прыватызацыі» прадавацца будуць «хранічна стратныя» прадпрыемствы.

Сяргей Чалы перакананы, што гэтыя паказчыкі выканаць немагчыма. Рост ВУП, на яго думку, як і сёлета, рэальны на ўзроўні 3 працэнтаў, і няма рэсурсаў, каб гнацца за паказчыкамі росту ВУП, усталяванымі на пяцігодку тым жа Ўсебеларускім сходам.

«Ня будзе такога аб’ёму замежных інвэстыцыяў. Што датычыць росту ВУП на 8,5 працэнта, 4,5 мільярда даляраў замежных інвэстыцый, зь якіх 2,5 — прыватызацыя,— гэтага ўсяго ня будзе».

Пры гэтым у 2013 годзе Беларусь уваходзіць у паласу пікавых плацяжоў па зьнешніх пазыках — на іх пагашэньне патрэбна будзе 2,4 мільярда даляраў. Для гэтага заплянаваныя новыя пазыкі — 0,9 мільярда даляраў ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, 1,5 мільярда — зь іншых крыніцаў.
XS
SM
MD
LG