Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Валэнса: Чаму мы ўзнагародзілі Алеся?


На цырымоніі прысуджэньня Алесю Бяляцкаму прэміі Леха Валэнсы, заснавальнік прэміі выступіў з прамовай, дзе абгрунтоўвае сёлетні выбар ляўрэата.

«Гледзячы сёньня на сьвет, я задумваюся, на чым будаваць паводзіны, як прыватныя, так і публічныя. Я часта кажу пра каштоўнасьці як базу, падмурак. Аднак я ведаю, што на патрэбы глябалізацыі іх цяжка акрэсьліць. У выпадку дэмакратыі важна ўжываць ясныя правілы гульні, каталёг прынцыпаў, аднолькавы для кожнага. Робячы стаўку на каштоўнасьці, я перадаю сёлетнюю прэмію Леха Валэнсы ў рукі Алеся Бяляцкага. Я таксама заклікаю, каб ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы да дэмакратыі і яе правілаў ставіліся сур’ёзна.

Дзеяньні, якія маюць выклікаць прызнаньне і захапленьне, не заўсёды цэняцца. За адвагу можна быць асуджаным, за клопат аб іншых — з часам заплаціць высокую цану. За ахвярнасьць, якая дае надзею і веру ў лепшае заўтра, можна быць перасьледваным. Аднак ёсьць нямала людзей, якія насуперак усяму надалей вераць у тое, што можна жыць у вольным і дэмакратычным грамадзтве нават там, дзе няма рэальнай дэмакратыі. Такая пазыцыя заслугоўвае павагі. Цяжка не казаць пра некага, хто мае ў сабе сілу і рашучасьць дзейнічаць, каб свабода слова была найвышэйшай вартасьцю. Таму сёлета журы заснаванай мною ў 2008 годзе прэміі прысудзіла яе нашаму сябру зь Беларусі, які заразіў сваіх суайчыньнікаў мараю аб свабодзе.

Аляксандар Бяляцкі здольны ня толькі абвяшчаць ідэю, але і з адданасьцю укараняць яе ў жыцьцё — за што ён заплаціў цкаваньнем і турмою. Нягледзячы на гэта ён ніколі не перастаў верыць у сэнс сваіх ініцыятываў і пасьлядоўна імкнецца да рэалізацыі мары аб вольнай, дэмакратычнай і справядліва кіраванай краіне. Хто, як ня ён, заслугоўвае прэміі? Чалавек, які, з аднаго боку, застаецца сымбалем нязломнага, пасьлядоўнага і адважнага імкненьня да свабоды і павагі да правоў чалавека, а з другога боку — сымбалічным прадстаўніком усіх тых, хто вызнае ўнівэрсальныя каштоўнасьці дэмакратычнага сьвету. Я маю гонар прысудзіць гэтую прэмію таму, хто ў часы, калі адвага і гонар выстаўляюцца на выпрабаваньне, здольны ня толькі змагацца за ідэалы, несьці за гэта адказнасьць, і нягледзячы на гэта, нягледзячы на турэмныя краты, надалей дзейнічаць. Толькі дзякуючы такім людзям усе тыя, хто марыць пра дэмакратыю, могуць высока ўзьняць галаву і ўголас выказаць сваё меркаваньне. Я перакананы, што дзейнасьць сёлетняга ляўрэата Прэміі Леха Валэнсы надасьць натхненьне для перайманьня іншымі, хто, гэтак як і ён, марыць пра жыцьцё ў свабодным, справядлівым і дэмакратычным грамадзтве, у якім на першым месцы знаходзяцца правы чалавека і клопат аб іх захаваньні. Гэтая прэмія — сымбаль прызнаньня і падтрымкі іншым людзям, якія змагаюцца за свабоду, годнасьць і правы чалавека.

Прысуджаючы яе, мы хочам таксама хоць бы сымбалічна выбачыцца за ўчыненую яму крыўду. Жадаючы падтрымаць фікцыю таго, што Беларусь сёньня — дэмакратычная дзяржава, мы на розных узроўнях супрацоўнічаем зь ёй і абменьваемся інфармацыяй. Аднак апошнія парлямэнцкія выбары відавочна паказалі, што дэмакратыя, правілы якой пішуцца ў Менск — гэта ня тое, што прызнае свабодны сьвет. Сёньня мы мусім дзейнічаць больш эфэктыўна, каб тая фікцыя была названая сапраўдным імем і каб умацаваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, якая жадае супрацьстаяць рэжыму. Мы ўжо ніколі ня можам дапусьціць, каб бюракратыя ці пракуратура свабоднай дзяржавы бяздумна перадавала інфармацыю Беларусі. Сёньня ўжо ясна відаць — наш сусед не належыць да групы дзяржаваў, якія мы можам назваць прававымі і дэмакратычнымі.

Дэмакратыя — гэта задача, гэта выкананьне правілаў. Так рэжым, які фальшуе выбары ў Беларусі, адказвае на сёньняшнія выклікі дэмакратычнага сьвету, як і партыі, якія ў сёньняшняй Польшчы замест таго, каб будаваць сваю сілу ў парлямэнцкіх выбарах, выводзяць людзей на вуліцы. Скажам шчыра — і наша краіна мае недахопы дэмакратыі. Яны відны і ў адсутнасьці канструктыўнай і адпаведнай правілам гульні апазыцыі з правага крыла, якая пад фальшывымі лёзунгамі хоча зьмяняць Айчыну, без увагі на працэдуры прававой дзяржавы. «Абудзіся, Польшча» і ня дай затлуміць табе галаву, бо інакш мы будзем мець тут другую Беларусь».
XS
SM
MD
LG