Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольны падручнік гісторыі: будучыня ў мінулым


Аляксей Ластоўскі

Аляксей Ластоўскі

Парадак дня Другога кангрэсу дасьледнікаў Беларусі ў Коўне быў надзвычай разнастайны, шмат сэкцыяў форуму абмяркоўвалі праблемы гістарычнай мінуўшчыны Беларусі — ад часоў ВКЛ да найноўшай гісторыі.

На адной з такіх сэкцый былі прадстаўленыя вынікі дасьледаваньня «БССР пасьля вайны: афіцыйная палітыка памяці і грамадзтва». Мадэратарам паседжаньня быў Аляксей Ластоўскі, сацыёляг з Інстытуту «Палітычная сфэра».

Мы папрасілі дасьледніка пракамэнтаваць сучасную палітыку памяці — супольны расейска-ўкраінскі падручнік гісторыі і пляны стварэньня такога ж супольнага беларуска-расейскага падручніка.

Ластоўскі: Гэты працэс адпавядае агульнай тэндэнцыі, якая цяпер разгортваецца на эўрапейскім кантынэнце, бо самі спробы напісаньня супольнага падручніка па гісторыі маюць карані яшчэ ў 80-х гадах. Тады былі створаныя франка-нямецкія падручнікі гісторыі, былі спробы напісаць супольныя нямецка-польскія. Гэтая модная ініцыятыва была перанятая і ў постсавецкім кантэксьце, але са сваімі посткамуністычнымі мадыфікацыямі.

У прынцыпе, калі мы кажам пра нейкія ранейшыя спробы напісаньня супольных падручнікаў па гісторыі, то яны мелі мэты пераадолець вузкі нацыяналістычны наратыў, паспрабаваць знайсьці прымірэньне ў тых канфліктных сытуацыях, якія заўсёды адбываюцца паміж суседнімі народамі, паспрыяць сапраўднаму глыбокаму прымірэньню, якое будзе заснавана не на амнэзіі, а на нейкіх паглыбленых ведах. Гэта ў ідэале, бо насамрэч гэта вельмі цяжкая задача, бо так ці інакш гісторыкі заўсёды маюць тэндэнцыю прытрымлівацца дзяржаўніцкай вэрсіі гісторыі, і таму ўзгадніць гэтыя канфліктныя кропкі на практыцы бывае досыць цяжка.

На нашай постсавецкай прасторы гэтая ідэя была перанятая іншым чынам — хутчэй для аднаўленьня і прасоўваньня той вэрсіі супольнай гісторыі, якая існавала ў савецкія часы і сягае каранямі ў часы Расейскай Імпэрыі, якая базавалася на нейкіх дагматах: пра Кіеўскую Русь — калыску трыадзінага рускага народу, Маскву — зьбіральніцу рускіх земляў, пра адзіную праваслаўную культуру, славянскі дух, праваслаўную цывілізацыю.

Усе гэтыя гістарычныя прыёмы тлумачэньня мінулага выкарыстоўваліся ўладай для пашырэньня кантролю над тэрыторыяй Расейскай імпэрыі, а пазьней — Савецкага Саюзу. Яны былі зручныя для маніпуляцыяў. Але і цяпер у Расеі ёсьць тэндэнцыі неяк таксама выкарыстоўваць гісторыю для абароны сваіх зьнешнепалітычных інтарэсаў. Таму разгортваюцца такія «войны памяці» з прыбалтыйскімі краінамі, якіх абвінавачваюць у калябарацыі з гітлераўцамі, нападаюць на Ўкраіну, даказваючы, што не было ніякага Галадамору, што АУН і УПА былі бандыты і г.д. Такія спробы ўзгадніць гісторыю, у тым ліку ў рамках стварэньня супольнага расейска-ўкраінскага падручніка — гэта ў прынцыпе таксама паходзіць з расейскай зоны кантролю і мае на мэце нейкім чынам «прылізаць» украінскую нацыянальную гісторыю, каб яна не ўваходзіла ў супярэчнасьць з паноўным наратывам, які прасоўваецца з маскоўскага цэнтру.

Калі ж казаць пра ініцыятыву расейска-беларускіх падручнікаў, дык яна мае тыя самыя карані. Гэта фактычна зноў жа спроба прыбраць зь беларускай гісторыі моманты, якія могуць паказваць самастойнасьць, незалежнасьць, аўтаномію земляў нашай краіны, нейкія дзяржаўніцкія традыцыі і вярнуць яе да расейска-савецкай гістарычнай схемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG