Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыйная інтэграцыя праз Каледжы аб’яднанага сьвету


Споўнілася 50 гадоў арганізацыі, якая прызначыла маладым беларусам больш за паўсотні стыпэндыяў для навучаньня ў розных дзяржавах.

Каледжы аб’яднанага сьвету (United World Colleges) — міжнародны адукацыйны рух, першая вучэльня якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Стыпэндыі для беларусаў зьявіліся ў сярэдзіне 1990-х і спачатку прызначаліся праз пасярэдніцтва Польшчы, дзе ініцыятыву ачольваў навуковец, прафэсар Павал Чартарыйскі.

Сёньня United World Colleges — гэта сетка з 12 навучальных устаноў па ўсім сьвеце. Двухгадовае навучаньне вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, у кожным каледжы вучыцца ў сярэднім 200 студэнтаў з 70–80 краінаў. Адукацыйная ідэалёгія спрыяла таму, што рух сабраў вакол сябе нямала ўсясьветна вядомых асобаў — такіх, як Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, прынц Чарльз, Тур Хеердал, каралева Ярданіі Нур ды іншыя. Большасьць стыпэндыяў фундаваная, што дае магчымасьць не зважаць на фінансавае становішча ці паходжаньне яе атрымальніка.
Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас з каралевай Ярданіі Нур

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас з каралевай Ярданіі Нур


Выпускнік Адрыятычнага каледжу ў Італіі, а цяпер выкладчык польскай мовы ў Беларускім гуманітарным ліцэі Ягор Сурскі называе невыпадковай інтэграцыю ва ўсясьветную адукацыйную сыстэму менавіта ліцэістаў:

«Гэтая зьява сапраўды ўнікальная, бо ня кожная навучальная ўстанова дае такую магчымасьць, каб разам навучаліся прадстаўнікі дзясяткаў краінаў. Тым больш, яшчэ перад унівэрсытэцкай прыступкай дзеці маюць магчымасьць атрымаць унікальны міжнародны досьвед. А паколькі сам па сабе гэты рух быў рэвалюцыйным у сэнсе адукацыі, наватарскім, то няма чаго дзівіцца, што гэтая прэрагатыва дасталася ліцэю. У свой час ліцэй таксама быў установай, якая павінна была правесьці адукацыйную трансфармацыю, адысьці ад савецкай мадэлі адукацыі, і невыпадкова права быць далучаным да дзейнасьці арганізацыі дэлегаванае менавіта нам. Ужо больш за 50 беларусаў атрымалі навучальныя стыпэндыі ў Каледжах аб’яднанага сьвету, і сёньня геаграфія беларускай прысутнасьці застаецца даволі шырокая: маладыя людзі ці толькі пачалі навучацца, ці ўжо навучаюцца ў шмат якіх краінах па ўсім сьвеце».

Беларускае прадстаўніцтва адзначанае ў каледжах Італіі, Нарвэгіі, Галяндыі, Канады, Індыі, Босьніі і Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, ЗША, Ганконгу. Адбор — на конкурснай аснове. Штогод вычыцца ў каледжы WUC едуць 2–3 прадстаўнікі Беларусі. Пра сыстэму навучаньня — выпускнік галяндзкага каледжу ў Маастрыхце Алесь Вараб’ёў:

«Навучаюцца хто як, бо ў кожнага індывідуальны расклад, абсалютна ў кожнага вучня. Прычым гэта займае шмат часу — да трох тыдняў, да месяца займае, каб скласьці ўвесь расклад толкам. Ну, а пасьля ўсіх узгадненьняў кожны ходзіць з кабінэту ў кабінэт, і вельмі рэдка здараецца, каб ува ўсіх супадалі аднолькавыя дысцыпліны, бо нават выкладчыкі аднаго і таго ж прадмету могуць быць розныя. Шмат і вольных пэрыядаў, калі можаш займацца сабой. У асноўным — 3,5 пары на дзень. Падрыхтоўка ў асноўным самастойная, але заўсёды можаш падысьці да выкладчыка, бо выкладчыкі жывуць тут жа, яны збольшага заўсёды рады дапамагчы. Калі трэба ў лябараторыі пасядзець ці яшчэ дзесьці, то абавязкова паспрыяюць. Тут усё проста. То бок — вялікі плюс, што выкладчыкі практычна заўсёды побач».
Алесь Вараб’ёў зь філіпінскімі сябрамі

Алесь Вараб’ёў зь філіпінскімі сябрамі


Навучальная праграма прадугледжвае чатыры абавязковыя складнікі: акадэмічны, спартовы, творчы, валянтэрскі. У залежнасьці ад спэцыфікі каледжаў даецца магчымасьць выбару прадметаў — ад стандартных да экзатычных. Вялікая разнастайнасьць творчай дзейнасьці: ганчарная справа, кавальства, сьпевы і іншае. Адзін з абавязковых складнікаў — праца з старымі, дапамога ўцекачам, узаемадзеяньне з установамі сацыяльнай апекі. А яшчэ, удакладняе былая навучэнка індыйскага Махіндра-каледжу Вольга Сьвяркальцава, асьветніцкая місія — прадстаўляць уласную краіну:

«Спадзяюся, што за два гады пра Беларусь, прынамсі ў маім каледжы, дакладна ўсе даведаліся, асабліва мае блізкія сябры. Я шмат расказвала ім пра тое, як жыву ў Беларусі, пра маю сям’ю, пра маё атачэньне. Спадзяюся, ім спадабалася ўсё, пра што я ім расказвала. Прынамсі, яны плянуюць і хочуць наведацца ў Беларусь, і я вельмі разьлічваю, што калі-небудзь яны сапраўды прыедуць да мяне ў госьці. Буду іх чакаць».
Вольга Сьвяркальцава з дыплёмам UWC

Вольга Сьвяркальцава з дыплёмам UWC


Карэспандэнт: «Засталіся страхі ў параўнаньні з тым, як ехала ўпершыню?»

«Не, страхаў больш няма. А чаго баяцца? Індыя — нармальная краіна, мабыць, як і наша. Вядома, для нашага ўспрыняцьця крыху дзіўная, са сваімі асаблівасьцямі, звычаямі. Але калі паглядзець, то там жывуць такія ж людзі, як і ў нас. Таму баяцца абсалютна няма чаго. І гэта зусім не рэклямны слоган «За Індыю!» (сьмяецца).

Атэстацыя ў Каледжах аб’яднанага сьвету адбываецца паводле сыстэмы IB (International Baccalaureate). У праграму ўваходзіць і большасьць усясьветных моваў (сярод іх і беларуская). Студэнты могуць вывучаць іх самастойна, у дыстанцыйным рэжыме. Студэнт ІІ курсу нарвэскага каледжу Red Cross Nordic Георгій Чхаідзэ шчыра прызнаецца: пасьля такога досьведу працягваць адукацыю ў Беларусі ня вельмі цягне:

«Так, праўда, ёсьць розныя варыянты, каб працягваць навучаньне. Але з пэрспэктывамі ўсё залежыць толькі ад мяне — як я буду вучыцца. Калі адзнакі будуць добрыя (і нават ня вельмі добрыя, сярэднія — нічога выбітнага), то можна спакойна зьяжджаць у Эўропу альбо ў Амэрыку. Каледжам пад гэта даецца так званая дэвісаўская стыпэндыя. Дэвіс — мэцэнат, багацей, які спансуе адукацыю ў ЗША. Ёсьць шмат унівэрсытэтаў, дзе можна вучыцца бясплатна — прынамсі, мне, беларусу. Само сабой, застаецца магчымасьць зноў прыехаць у Беларусь, але я ня бачу сэнсу гэта рабіць. Бо, скажам, у Амэрыцы адукацыя значна больш высокага ўзроўню. Так што шанцы паехаць за акіян вельмі высокія, і шмат хто імі карыстаецца».
Навучэнцы каледжу Чырвонага Крыжа ў Нарвэгіі

Навучэнцы каледжу Чырвонага Крыжа ў Нарвэгіі


Сваімі ўражаньнямі ад колішняга ці цяперашняга навучаньня ў Каледжах аб’яднанага сьвету падзяліліся некаторыя маладыя беларусы.

Ганна Панамарэнка (Атлянтычны каледж, Уэльс, 2010–2012):

«Два гады ў Атлянтычным Каледжы былі найлепшымі ў маім жыцьці, і гэты досьвед я ні на што іншае не зьмяніла б. Раскажу пра тое, што буду памятаць заўсёды! Замак ХІІ стагодзьдзя на беразе Брыстольскага заліву — прыгажосьць, таямнічасьць. А вось і я, Ганна зь нікому не вядомай Беларусі. Ня буду хлусіць, было цяжка… Але я ніколі ня бачыла столькі шчасьлівых і ад таго прыгожых вачэй навокал. Такіх ніколі не сустрэнеш на вуліцах Менску, на жаль. А ўявіце, як гэта: прачынацца і бачыць сонны позірк суседкі з Этыёпіі і зусім ужо бадзёры позірк славачкі? А вячэраць у замкавай залі? Азіраесься, і бачыш пяшчотна-сяброўскі позірк дзяўчыны з Iзраілю, якая пра нешта гутарыць з хлопцам-палестынцам, альбо расейскага хлопца побач зь дзяўчынай з ЗША. За два гады праз вочы гэтых цудоўных людзей я, здаецца, пабачыла ўвесь сьвет. І зараз, спадзяюся, гэты сьвет зіхаціць у маіх вачах».
Ганна Панамарэнка — у цэнтры ўвагі

Ганна Панамарэнка — у цэнтры ўвагі


Лізавета Дзятко (ІІ курс каледжу Li Po Chun у Ганконгу):

«Уявіце, што вы стаіце на Месяцы і глядзіце на Зямлю. Вы думаеце: вось яна, тая хвіліна, калі адначасова магчыма ўбачыць увесь сьвет! Менавіта так адчула сябе я, калі трапіла ў каледж Лі По Чун у Ганконгу. Тут я змагла дакрануцца да гэтага разнастайнага сьвету, зразумець яго, пасябраваць зь ім. У клясе матэматыкі зьлева ад мяне сядзела Мэксыка, справа — Малайзія, а за ёю „хаваўся“ Эгіпет. Шматлікія дзіўныя імёны мы вывучылі ня зь першага разу, таму спачатку так і называлі адзін аднаго — па назвах краінаў.

Каледжы аб’яднанага сьвету — гэта нешта асабістае для кожнага з нас. Для мяне гэта вандроўкі і магчымасьць зразумець сьвет зь іншага боку, асабіста адчуць усё яго хараство, бо ў сакавіку ў каледжы адбываецца цудоўная падзея: студэнты падзяляюцца па невялічкіх групах і тыдзень вандруюць па розных краінах Азіі і Акіяніі».
Лізавета Дзятко (справа) і «касьмічны» Ганконг

Лізавета Дзятко (справа) і «касьмічны» Ганконг


Аляксандар Быстрык (каледж у Мостары, Босьнія і Герцагавіна, 2006–2008):

«Студэнцкае Эўрабачаньне»: на гітары — мой сябра з Санкт-Пецярбургу, я — з тамбурынам, у кашульцы з «Пагоняй». Сьпяваем «Сонца нам дапаможа» са знакамітага альбому «Я нарадзіўся тут». Перамагчы, на жаль, мы ня здолелі, але песьня яшчэ ня раз гучала на нашых вечарынах. Гэтаксама і я сьпяваў песьні маіх сяброў: ангельскія, арабскія, басьнійскія і многія іншыя. Тут, дзе на кожным кроку былі бачныя сьляды басьнійскай трагедыі. Так, фармальна і нефармальна, мы — падлеткі з розных куткоў плянэты — даведваліся пра іншыя культуры і ахвотна дзяліліся сваімі. Але, бадай, самае важнае — гэта тое, што кожны з нас змог паглядзець на сябе і на сваю краіну трошкі збоку. Жыцьцё ў міжнароднай суполцы дазволіла ацаніць тое, што мы лічылі належным, крытычна паглядзець на тое, што здавалася натуральным. Удалечыні ад сям’і і Радзімы асабліва моцна ўсьведамляеш сваю нацыянальную адметнасьць«.
Першае пакаленьне студэнтаў каледжу ў Мостары

Першае пакаленьне студэнтаў каледжу ў Мостары


Заснавальнік адукацыйнай канцэпцыі United World Colleges — нямецкі пэдагог габрэйскага паходжаньня Курт Ган. Ён быў адным зь першых, хто адкрыта выступіў з крытыкай нацысцкай палітыкі ў Нямеччыне, яго арыштавалі і толькі дзякуючы заступніцтву тагачаснага брытанскага ўраду перадалі Вялікай Брытаніі. Пасьля ІІ Усясьветнай вайны ідэалёгія Гана набыла новае адценьне: спрыяньне ўзаемапаразуменьню паміж народамі праз адукацыю. Гэтыя ідэі ўвасобіліся ў жыцьцё ў 1962 годзе, калі была створана адукацыйная пляцоўка для прадстаўнікоў розных народаў. У самой Вялікабрытаніі гэта была першая навучальная ўстанова, якая адмовілася ад падзелу навучаньня паводле полавага прынцыпу, а з часам, нягледзячы на ідэалягічныя разыходжаньні, да стракатага інтэрнацыяналу далучыліся і першыя навучэнцы з СССР і Кітаю.
XS
SM
MD
LG