Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Марына Лобава: Дзякуй «Свабодзе» за званок сына з калёніі


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Пасьля інфармацыі «Радыё Свабода» палітвязьню Эдуарду Лобаву дазволілі патэлефанаваць дамоў.

Маці Эдуарда Лобава Марына паведаміла, што ёй пазваніў сын, ад якога даўно не было лістоў і званкоў. Гэты званок Марына Лобава наўпрост зьвязвае з інфармацыяй, якая напярэдадні зьявілася на «Свабодзе». У эфіры і на сайце мы перадалі пра занепакоенасьць жанчыны тым, што ад сына няма зьвестак і яе папярэджаньне, што «прыйдзецца адправіць да сына адваката». «Ужо праз пару дзён Эдуарду далі магчымасьць зрабіць кароткі званок», — апавяла Марына Лобава. У простае супадзеньне ёй ня верыцца.

Марына Лобава кажа пра турэмшчыкаў свайго сына: «Яны чытаюць, чытаюць, яны ў курсе ўсіх падзей. Я прыяжджаю ў калёнію, а яны ўсё ведаюць, што пра іх напісана. Крыўдзяцца, калі я на іх нешта кажу гэтакае… Таму пазваніў, была кароткая размова. Сказаў, што пакуль адваката ня трэба накіроўваць. Пра сябе мала сказаў. Што ўсё нармальна, зьбіраецца пісаць заяву пра доўгатэрміновае спатканьне на лістапад. Здаровы, але зубы гэтак і ня вылечыў. Прэса ўся даходзіць. Цікавілася, бо шмат пытаньняў па дастаўцы прэсы. Пытаецца ў асноўным пра навіны дома. Навіны пра Дашкевіча ня ведае, але што яму дадалі год — ведаў. Не зьдзіўляўся. Казаў, што тэрміны для палітвязьняў не маюць значэньня. Могуць выпусьціць і раней, а могуць трымаць бясконца. Вось і ўсё. Вам дзякуй, бо хоць пачула голас сына».

Маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і адбывае пакараньне ў івацэвіцкай калёніі.
XS
SM
MD
LG