Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка і Павал Сырамалотаў: першыя дні на волі


Сяргей Каваленка пасьля вызваленьня

Сяргей Каваленка пасьля вызваленьня

Былыя палітвязьні Сяргей Каваленка і Павал Сырамалотаў — на волі. Адзін — другі дзень, другі — першы. Як яны пачуваюць сябе на свабодзе, чым займаюцца, што зьбіраюцца рабіць далей?

Сяргей Каваленка шчыра прызнаўся, што вельмі стаміўся ад журналістаў, якія цэлы дзень вельмі ім цікавіліся:

«Учора пасьля ўсіх інтэрвію і сустрэч з журналістамі я заснуў і спаў вельмі добра і доўга. Стаміўся, як ад вельмі цяжкай працы. У дадзены момант іду з сынам на трэніроўку — на бокс. Трэба ж умець у жыцьці абараняцца. Гэта не зашкодзіць. Тым больш, сыну гэты спорт вельмі падабаецца. Схадзілі з сынам у краму — кран дома зламаўся, трэба адрамантаваць».

Так што пакуль Сяргей робіць дробныя хатнія справы, нешта рамантуе. Але галоўны яго клопат — сям’я:

«Я кожную хвіліну зь сям’ёй. Атрымліваю асалоду ад спатканьня са сваімі дзецьмі, жонкай, блізкімі. Дзеці заўважна падрасьлі, і Валік вырас, і дзяўчынка за час маёй адсутнасьці навучылася хадзіць, размаўляць, нават два зубы вылезьлі да 1 году і 3 месяцаў. Дзеці мае наагул вельмі хутка разьвіваюцца».
Я кожную хвіліну зь сям’ёй. Атрымліваю асалоду ад спатканьня са сваімі дзецьмі, жонкай, блізкімі

Сяргей Каваленка зьбіраецца прыкладна тыдзень адпачыць, пабыць зь сям’ёй, а потым працягваць сваю справу:

«Працы больш, чым маю часу. Мяне заказчык ужо чакае больш за 10 месяцаў. У нас ёсьць дамовы падпісаныя, заказчыкам падабаецца, як я ўсё рабіў, хочуць і далей працягваць супрацоўніцтва».

Карэспандэнтка: «Гэта будаўнічы бізнэс?»

«Так, я індывідуальны прадпрымальнік у сфэры будаўніцтва».



Павал Сырамалотаў

Павал Сырамалотаў

21-гадовы Павал Сырамалотаў сёньня першы дзень на волі. Таксама стаміўся ад увагі журналістаў. У хаце мы яго не засьпелі, а мабільнага тэлефона ў яго пакуль няма. Маці Паўла спадарыня Галіна распавяла:

«Нармальна ў яго ўсё, усё цудоўна. Цэлую ноч размаўлялі, потым Павал спаў да 12-й гадзіны. Хадзіў па доме, ня мог нарадавацца, што на волі. Кажа, што галава круціцца ад свабоды, ад інфармацыі. Пасталеў вельмі, зьняволеньне, вядома, адбіваецца на чалавеку. Зьнешне па ім не заўважна, толькі вельмі схуднеў. Такі схуднелы, жах проста, адны косьці! Але разважае ўжо па-іншаму, пасталеў!»

Да зьняволеньня Павал працаваў на заводзе і вучыўся ў хіміка-тэхналягічным тэхнікуме на вячэрнім аддзяленьні. Чым будзе зараз займацца, пакуль ня вызначыўся. У чацьвер увечары ў першым інтэрвію Радыё Свабода Павал сказаў:

«Мне пакуль цяжка адказаць…»

Маці Паўла спадарыня Галіна кажа:

«Ой, сядзім зараз і думаем, чым заняцца. Мы гэта ўжо абмяркоўвалі, але пакуль яшчэ ня вызначыліся. Усё залежыць ад таго, што нам у міліцыі скажуць, а потым будзем ад гэтага адштурхоўвацца. Яму сказалі абавязкова ў міліцыі адзначыцца. Так што ідзем туды, бо сёньня ўжо пятніца, наперадзе выходныя дні…»
XS
SM
MD
LG