Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: сем «грыбных» ахвяраў за верасень


На Гомельшчыне павялічваецца колькасьць памерлых ад атручэньня грыбамі. Калі на пачатак верасьня такіх было толькі двое, то цяпер — ужо сем. А ўсяго грыбамі атруціліся ў Гомелі, Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы й некаторых іншых мясцовасьцях каля чатырох дзясяткаў чалавек, у тым ліку — трое дзяцей.

У абласным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі сьцьвярджаюць, што прычынай атручэньня бывае, як правіла, спажываньне ў ежу бледных паганак, якія грыбнікі прымаюць за сыраежкі. Так здарылася ў Рэчыцы, дзе двое пэнсіянэраў пайшлі, назьбіралі нібыта сыраежак і памерлі, пад’еўшы іх.

Пацыент таксыкалягічнага аддзяленьня Гомельскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі спадар Валянцін апавёў:

«Іншы раз і хочацца паспытаць грыбка. Я ўжо дванаццаць гадоў ня еў грыбоў, мне проста захацелася. Зялёнкі — зялёнкі. Але якія гэта зялёнкі? Відаць, паганкі былі. Я грыбоў сам не зьбіраў, не варыў. У абед добра было, а бліжэй да вечара ўсё цяжэй і цяжэй. Галавакружэньне, ваніты, жывот, ганячка пайшла, ногі сталі ня слухацца, сутаргі».

У лякарні апынулася й Валянцінава сужыцелька, якая зьбірала й гатавала тыя грыбы.

Лекар-таксыколяг кажа, што ў тых, хто неабачліва зьбіраў грыбы абы-дзе й моцна атруціўся імі, назіраецца клінічны малюнак паражэньня печані.

Таксыколяг: «Па-першае, яны ня ведаюць, што зьбіраюць, ня ведаюць, дзе зьбіраюць. Апрацоўка, магчыма, кепская. Усюды ж наўкол экалягічная абстаноўка ня самая лепшая з гледзішча радыяцыі. Па-другое, зьбіраюць грыбы ля дарог, дзе машыны. Альбо нават у парку ля хімзаводу людзі гатовыя зьбіраць».

Грыбы сёлета ўрадзілі. У абласным цэнтры іх прапануюць ледзь не на кожным рагу, ня кажучы ўжо пра рынкі.

Спадар Анатоль прадае на Цэнтральным рынку лісічкі. У яго яны правераныя, але толькі на радыяцыю, бо на таксіны ніхто й нідзе грыбы не правярае:



«Я сумленна прыходжу й правяраю. Але ёсьць іншыя людзі. Прыйдзе алкашка й прадае зусім ня тое, што трэба. Радыяцыя перавышае дапушчальны ўзровень, а яна стала й прадае — заражаныя, зь Веткі, Добруша».

Шмат хто з жыхароў рэгіёну зьбірае грыбы на продаж, каб неяк паправіць сваё матэрыяльнае становішча.

Спадарыня Ірына зь сястрой Любай прыехалі прадаваць грыбы на Прывакзальны рынак з Рэчыцкага раёну. Кажуць, не ад добрага жыцьця.

Ірына: «За штосьці жыць трэба. Двое дзяцей у сястры. Сама яна пасьля апэрацыі, рабіць цяжка ня можа, на фэрму ня можа, бо інвалідам лічыцца. Муж — алькаголік».

Ірына кажа, што грыбы правяралі, але ня сёньня: «У той чацьвер хадзілі правяраць. Па-мойму, было 3,7 тых кюры ці чаго, я ня ведаю».



Аматарка грыбоў спадарыня Антаніна мае свой спосаб распазнаваньня вартасьці грыбоў на ўтрыманьне таксычных рэчываў:

«Калі грыб добра апрацаваны й прамыты, ніколі не атруцісься. А каб дакладна даведацца, маю свой спосаб. Я калі смажу, то вывальваю на патэльню, ачышчаю цыбуліну й цэлай кладу яе да грыбоў. Калі цыбуліна белая застаецца, стоадсоткава добрыя грыбы. А калі цыбуліна пасінела, зьмяніла крыху колер — усё, вывальвай на сьметнік усю патэльню, усё варыва».
XS
SM
MD
LG