Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 29-30 верасьня: Дзень нараджэньня ў Адама Глобуса, Ніла Гілевіча і Леха Валэнсы


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


У СУБОТУ...

...ўдзень пераменная воблачнасьць, без ападкаў. У нядзелю — дождж. Тэмпэратура на выходныя: плюс 14–17.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу онлайн-канфэрэнцыя з Анатолем Лябедзькам і аўдыёзапіс апошняга выпуску праграмы «Зона Свабоды» для Белсату пра парлямэнцкія выбары.

У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Віталь Цыганкоў і ягоныя госьці — Уладзімер Някляеў, Леў Марголін, Юрась Губарэвіч — будуць абмяркоўваць, што рабіць апазыцыі пасьля парлямэнцкіх выбараў.

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

29 верасьня

Сёньня ў Гданьску Натальля Пінчук атрымае прэмію Леха Валэнсы, якая была прысуджаная яе мужу Алесю Бяляцкаму. Прэмія палітвязьню Алесю Бяляцкаму была прызначаная за ягоны "ўнёсак у абарону правоў чалавека і дапамогу людзям, якіх перасьледуюць беларускія ўлады".

У Белдзяржцырку (пр. Незалежнасьці, 32) у рамках міжнароднага музычнага фэстывалю Юрыя Башмета сусьветна вядомы джазавы скрыпач Жан-Люк Панці і яго група (Францыя) адзначыць свой 70-гадовы юбілей канцэртам «Клясыка сустракае джаз». Пачатак у 20.00.

Канцэрт гурту «Re1ikt » у Сьветлагорску, цэнтар «Тандэм», пачатак у 17.00.

30 верасьня

У Белдзяржфілярмоніі (пр. Незалежнасьці, 50) у рамках міжнароднага музычнага фэстывалю Юрыя Башмета адбудзецца канцэрт пры ўдзеле Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Андрэса Мустонэна (Эстонія) і салістаў Аляксея Агрынчука (габой) і Аляксандра Бузлова (віялянчэль). Пачатак у 19.00.

Канцэрт гурту «Re1ikt »: у Рэчыцы ў мастацкай галерэі, пачатак у 15.00; у Гомелі ў клюбе «Імпэрыя», пачатак у 19.00.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

29 верасьня

1529 — зацьверджаны першы Статут Вялікага Княства Літоўскага, збор законаў фэадальнага права, помнік беларускага пісьменства і юрыдычнай культуры.

1872 — адкрылася Полацкая настаўніцкая сэмінарыя, якая праіснавала да 1918 году.

30 верасьня

1452 — Ян Гутэнбэрг выдаў першую друкаваную кнігу, якая атрымала назву «Біблія Гутэнбэрга».

1938 — з удзелам Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Італіі падпісана «Мюнхэнская дамова», паводле якой нацысцкая Нямеччына атрымала кантроль над Судэцкай вобласьцю Чэхаславаччыны.

30 верасьня — Міжнародны дзень перакладчыка, устаноўлены ў 1991 годзе Міжнароднай фэдэрацыяй перакладчыкаў у дзень сьмерці сьвятога Ераніма, які лічыцца патронам перакладчыкаў. Еранім быў хрысьціянскім сьвятаром і пісьменьнікам, народжаным у Далмацыі. Ягоным найбольшым дасягненьнем лічыцца пераклад Бібліі на лацінскую мову, вядомы як Вульгата.

Нарадзіліся:

29 верасьня

1823 — беларускі і польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля.

1943 — заснавальнік польскага прафсаюзу «Салідарнасьць», а пазьней прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валэнса.

1958 — беларускі пісьменьнік Адам Глобус.

30 верасьня

1892 — беларуская пісьменьніца і грамадзкая дзяячка Зоська Верас.

1931 — народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Памерлі:

30 верасьня

1934 — беларускі гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі.

1992 — беларускі мовазнаўца Мікалай Бірыла.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Наша сустрэча не за гарамі
He за лясамі твой пачастунак.
He за палямі мой пацалунак.
Наша пяшчота не за марамі.

Хоць і паблытаны словы вятрамі,
Хоць і, забыўшыся на паратунак,
Пані Маркота кратае струны
Стомленай арфы ў колішнім храме.

Сумная поўня нам спачувае —
Вузкія сьцежкі асьвечвае ўпотай,
Хоць і хмурына поўню хавае.

Абавязкова горыч самоты
Мы да сустрэчы ператрываем,
Хоць і навокал стогнуць балоты».

Адам Глобус, «Ліст да каханай»

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Р. Сікорскі: Я ня ведаю нікога, хто б верыў, што Лукашэнка атрымаў 80% на выбарах

Афіцыйны Менск спыніў удзел у саміце Ўсходняга партнэрства
XS
SM
MD
LG