Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лемантар» з «Пагоняй» на вокладцы выдадзены ў Польшчы


Аліна Ваўранюк. Фота Барбары Пякарскай

Аліна Ваўранюк. Фота Барбары Пякарскай

У Польшчы выйшаў падручнік па беларускім алфавіце для дзяцей. Да пачатку новага навучальнага году яго склала настаўніца Аліна Ваўранюк.

Беларуска паводле паходжаньня, яна выкладае родную мову ў чацьвёртай школе Беластока. Як маленькія беларусы Польшчы вучаць родную мову? Пра гэта з Алінай Ваўранюк пагутарыў карэспандэнт «Свабоды».

Карэспандэнт: Аліна, як многа дзяцей займаюцца па вашым падручніку?

Ваўранюк: Лемантар толькі што надрукаваны. Сёньня зьбіраемся высылаць яго ў Міністэрства адукацыі. Каб распаўсюдзіць падручнік па ўсіх школах, дзе выкладаюць беларускую мову, неабходна адабрэньне ад Мінадукацыі. Пакуль па лемантары займаюцца толькі мае вучні. Сёлета ў 4-й школе ў Беластоку 14 першаклясьнікаў і 19 другаклясьнікаў, якія вывучаюць родную мову.

Карэспандэнт: Якія водгукі ад першых чытачоў?

Ваўранюк: Ім вельмі падабаецца! Я бачу, як ахвотна мае вучні зь ім працуюць. Я думаю, гэта найважнейшае, каб кніга была цікавая дзецям.

Карэспандэнт: Большасьць школьнікаў у Беларусі вучаць мову па «Буквары» Анатоля Клышкі. Чым «Лемантар» ад яго адрозьніваецца?

Ваўранюк: У апошнім выданьні Клышкі, якое трапляла мне ў рукі, дазваляецца на адным уроку ўводзіць пару літар. Беларускія першаклясьнікі ўжо ведаюць літары. Беларускія дзеці, якія жывуць у Польшчы, літараў ня ведаюць. Гэта для іх цалкам новае. Да рэформы адукацыі ў Польшчы выхавацелькі ў садку вучылі дзяцей літарам. Цяпер нават польскія літары дзеці пазнаюць зь першай клясы. Беларускія дзеці вучаць літары з другога кляса. Складаючы «Лемантар», я гэта ўлічвала.

Карэспандэнт: Як выглядае зьмест «Лемантара»? У кніжцы толькі літары ад А да Я?

Ваўранюк
: У канцы я зрабіла слоўнік і тэматычныя старонкі — Дзень маці, Дзень бабулі, Каляды, Вялікдзень, Дзень Волі. Да тэмаў падабраныя вершы, практыкаваньні і песьні. Іх настаўніку можна выкарыстоўваць у любы час. Бо ў першым клясе мы гуляем, сьпяваем, малюем. Уласна алфавіт пачынаем вучыць на наступны год.

Карэспандэнт: Вершы якіх аўтараў вы выкарыстоўвалі для ілюстрацый?

Ваўранюк: Ёсьць вершы для дзяцей беларускіх паэтаў Польшчы — Віктара Шведа, Міры Лукшы, але перадусім гэта аўтары зь Беларусі: Дзеружынскі, Сокалаў-Воюш, Хадановіч.

Карэспандэнт: На вокладцы «Лемантара» намаляваны маленькі рыцар з «Пагоняй». У Беларусі такое нават цяжка ўявіць! Хто аўтар малюнкаў?

Ваўранюк: Мастацкае афармленьне рабіў Міраслаў Здрайкоўскі. Ён жыве ў Беластоку, а вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Менску. Сёлета да нас у першы кляс прыйшоў ягоны сын. Твар рыцара з вокладкі вельмі падобны да яго.

Карэспандэнт: Аліна, калі вы бываеце ў Беларусі, ці многа кніжак, прыдатных для сваёй працы, тут знаходзіце?

Ваўранюк: У найлепшыя гады, у пачатку 90-х, я купляла шмат-шмат дыдактычнай літаратуры з гульнямі, практыкаваньнямі. У мяне было многа матэрыялу. Ведаю, што цяпер мэтадычных дапаможнікаў па беларускай мове менш і менш. Тым больш тых, якія можна выкарыстоўваць у працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG