Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд над Шарэндай-Панасюк не адбыўся


Суд Маскоўскага раёнц Берасьця не разглядаў справу актывісткі байкоту Паліны Шарэнды-Панасюк. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні накіраваны на дапрацоўку ў міліцыю.

Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла, што судзьдзя Марыя Леванчук патлумачыла гэта наступным чынам: «Яна сказала, што спыняе справу і накіроўвае пратакол на дапрацоўку з такой фармулёўкай, што, маўляў, выкладзеныя ў пратаколе зьвесткі нічым не падмацаваныя».

Спадарыня Шарэнда-Панасюк не выключае, што справу могуць і ўвогуле закрыць: «Для мяне загадкай застаецца, што напісана ў тым пратаколе, бо я зь ім не азнаёмленая. Бачна, што, відаць, яны хочуць гэтай справы пазбавіцца, закрыць, нібыта нічога і не было. Выбары прайшлі, і, можа, яны зразумелі, што пагарачыліся з нашым затрыманьнем...»

Актывістка распавяла, што накіравала ў пракуратуру скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія яе затрымлівалі. Затрыманьне яна ня лічыць законным.

Шарэнду-Панасюк затрымалі ў Берасьці 21 верасьня пры распаўсюджваньні ўлётак за байкот выбараў. У той дзень затрымлівалі яшчэ двух актывістаў байкоту, але тых адпусьцілі. У Паліны Шарэнды-Панасюк забралі некалькі соцень улётак і склалі пратаколы аб іх распаўсюдзе і аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Ноч актывістка правяла ў пастарунку.
XS
SM
MD
LG