Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: у Беларусі няма ніякіх палітвязьняў


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

На пытаньне карэспандэнта «Свабоды», ці паўплывала на атмасфэру выбараў тое, што за кратамі застаюцца кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч і іншыя палітвязьні, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала.

«Усё залежыць ад таго, як вы ацэньваеце атмасфэру. Калі вы жывяце ў гэтай тусоўцы, у гэтым асяродзьдзі, дзе асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, успрымаюцца як сябры, то гэта, відаць, на вас паўплывала, на ваша асяродзьдзе. Для астатніх, якія наўрад ці памятаюць гэтыя імёны, — я, дарэчы, сама ведаю толькі Міколу Статкевіча, нікога ня ведаю, можа, яшчэ нехта з былых кандыдатаў, — то ніяк не паўплывала», — заявіла Ярмошына.

«Што да палітвязьняў, то я выказала сваю пазыцыю адназначна і ўчора АБСЭ, і раней прадстаўніку амбасады Нідэрляндаў, які нас наведаў пазаўчора: у Беларусі няма ніякіх палітвязьняў.

Палітвязень — гэта чалавек, які знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі за свае перакананьні. Гэтыя грамадзяне знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі за ўчыненыя дзеяньні, якія парушалі грамадзкі парадак і пагражалі жыцьцю і здароўю супрацоўнікаў апарату ЦВК, якія знаходзіліся тут.

Я ўжо не кажу пра пашкоджаньне маёмасьці. Яны ўчынілі злачынствы, за якія ўчора ў Мадрыдзе іх сустрэлі гумовымі кулямі. Дакладна такіх жа, і ніякая ўсясьветная супольнасьць не цікавіцца, а за што ж так жорстка? У нас спэцсродкі не прымяняліся. Таму зусім лягічна людзі нясуць адказнасьць за ўчыненыя імі злачынствы.

Таму ўсе гэтыя матывы, размовы пра асобаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, — гэта тэма, якая штучна навязваецца міжнародным назіральнікам і нічога ня мае агульнага з той рэчаіснасьцю, якой суправаджаліся і падзеі ў сьнежні, і падзеі, якія адбыліся цяпер», — заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына таксама заявіла, што мае намер праводзіць выбарчыя кампаніі ў Беларусі да 2016 года: «Тэрмін маіх паўнамоцтваў заканчваецца ў сьнежні 2016 года. Таму, калі мне не павязе, давядзецца яшчэ праводзіць наступныя парлямэнцкія выбары. Прэзыдэнцкія само сабой. Наступныя парлямэнцкія — восеньню 2016 года».

Палітвязьні і выбары

Да найбольшага тэрміну зьняволеньня — 6 гадоў — сярод беларускіх палітвязьняў асуджаны былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

Суд прызнаў палітыка вінаватым у арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

Між тым у судзе не прагучала ніводнага доказу таго, што Мікалай Статкевіч кагосьці заклікаў біць шкло ў Доме ўраду ці паказваў у гэтым прыклад. Перасьлед экс-кандыдат на прэзыдэнта патлумачыў помстай за абвінавачаньні, якія ён публічна выказаў Аляксандру Лукашэнку: «Вярні народу тое, што ты ў яго ўкраў — выбары».

Палітычным вязьнем праваабаронцы Беларусі і сьвету называюць таксама сустаршыню БХД Паўла Севярынца. За некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў, на ўручэньні пасьведчаньняў кандыдатаў у прэзыдэнты Павал Севярынец як давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага атрымаў пасьведчаньне ад Лідзіі Ярмошынай і публічна адмовіўся паціснуць ёй руку.

Павал Севярынец патлумачыў свой учынак тым, што ў пэрыяд, калі Лідзія Ярмошына ўзначальвае Цэнтравыбаркам, ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя Эўразьвязам і ЗША як свабодныя і дэмакратычныя. Павал Севярынец зараз адбывае 3 гады на «хіміі» ў Пружанскім раёне. Гэты тэрмін ён атрымаў нібыта за ўдзел у вулічных беспарадках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG